Лідары 27 краін Еўрапейскага Саюза заклікалі да салідарнасці ў барацьбе з пандэміяй каранавіруса. У відэа, размешчаным у сацыяльных сетках, яны таксама падзякавалі ўсім, хто ўдзельнічае ў барацьбе з вірусам і выказвалі надзею, што вакцына супраць COVID-19 дазволіць вярнуцца да нармальнага жыцця ўжо ў наступным годзе.
Старшыня Еўрапейскага Савета Шарль Мішэль заклікаў да сумесных дзеянняў усіх грамадзян ЕС.
- Што мы можам дасягнуць, калі каманда з 450 мільёнаў грамадзян пачне працаваць разам з мэтай пераняць кантроль над вірусам? Давайце быць адказнымі, захоўваць дыстанцыю і гігіену і клапаціцца адзін пра аднаго.
Пра салідарнасць і сумесныя дзеянні гаварыў таксама прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі:
- Доўгачаканая вакцына супраць COVID-19 неўзабаве будзе агульнадаступнай. Гэта дае надзею на перамогу. Разам і салідарна мы можам перамагчы. Я дзякую ўсім, хто прымае ўдзел у гэтай барацьбе.
Усе лідары ЕС згадзіліся, што вакцына супраць каранавіруса - гэта надзея на хуткае вяртанне да нормы і адбудову Еўрапейскага Саюза. У панядзелак Еўрапейскае агенцтва па леках і Еўрапейская камісія згадзіліся на выкарыстанне на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза вакцыны супраць COVID-19, вырабленай кансорцыумам Pfizer/ BioNTech. Чакаецца, што першыя дозы вакцыны паступяць у краіны ЕС 26 снежня.
аз