Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Казахстан адмовіўся ад смяротнага пакарання

02.01.2021 12:55
Такім чынам Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і адзінай краінай у СНД, дзе захоўваецца і ўжываецца смяротнае пакаранне.
  -
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў Фота: PAP/EPA/STRINGER

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў падпісаў закон «Аб ратыфікацыі другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену смяротнага пакарання», гаворыцца ў паведамленні на сайце кіраўніка рэспублікі, апублікаваным у суботу, 2 студзеня.

Гэты пратакол быў прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН 15 снежня 1989 года. Усе краіны, якія да яго далучыліся, абавязваюцца не ўжываць у сябе смяротнае пакаранне і выключыць яго з заканадаўства. У цяперашні час да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах далучыліся 173 дзяржавы, да Другога Факультатыўнага Пратаколу – 88 дзяржаў.

Казахстан далучыўся да пратаколу ў верасні 2020 года з адной агаворкай, якая робіць магчымым выкарыстання смяротнага пакарання ў ваенны час пасля прызнання вінаватым у здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў ваеннага характару.

Выкананне смяротнага пакарання ў Казахстане было прыпынена ў 2003 годзе, але суды працягвалі прыгаворваць асуджаных да вышэйшай меры пакарання ў выключных абставінах, у тым ліку за злачынствы, якія кваліфікуюцца як тэрарыстычныя акты. Прысуджаныя да пакарання смерцю адбывалі пажыццёвае зняволенне і маглі б быць пакараныя ў выпадку адмены мараторыя. Аднак цяпер Казахстан цалкам адыходзіць ад такой прававой практыкі.

 Такім чынам Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе і адзінай краінай у СНД, дзе захоўваецца і ўжываецца смяротнае пакаранне.

PAP/эж