Беларуская Служба

Прэм’ер Польшчы заклікаў Еўракамісію ўмяшацца па справе паставак вакцыны

20.01.2021 09:33
«Гаворка ідзе аб забеспячэнні празрыстасці і прадказальнасці працэсу вакцынацыі», - падкрэсліў Матэвуш Маравецкі.
-
Прэм'ер-міністр Матэвуш МаравецкіPAP/Albert Zawada

Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі звярнуўся да Еўрапейскай камісіі з просьбай умяшацца па справе часовага скарачэння паставак вакцыны супраць COVID-19 кампаніяў  Pfizer і BioNTech. Гэтае пытанне павінна стаць адной з тэм заўтрашняга відэасаміту лідараў ЕС.

Кіраўнік польскага ўрада чакае, што камісія атрымае ад фармацэўтычнай кампаніі інфармацыю пра планаваныя дзеянні, іх наступствы для даступнасці вакцыны і пастаўкі ў краіны ЕС.

„Гаворка ідзе аб забеспячэнні празрыстасці і прадказальнасці працэсу вакцынацыі”, - падкрэсліў Матэвуш Маравецкі. Кіраўнік польскага ўраду напісаў, што часовае скарачэнне паставак нямецка-амерыканскай кампаніяй прымусіла змяніць польскую праграму вакцынацыі.

Ён дадаў, што ў першым квартале Польшча разлічвае на пастаўкі 6 мільёнаў доз прэпаратаў як ад кампаніяў Pfizer/BioNTech, так і кампаніі Moderna.

Кіраўнік польскага ўрада таксама закрануў пытанне нібыта двухбаковых пагадненняў некаторых краін ЕС з фармацэўтычнымі кампаніямі наконт паставак вакцын, заключаных па-за механізмам ЕС. Матэвуш Маравецкі напісаў, што ў сувязі з гэтым узнікаюць пытанні аб прынцыпе шчырага супрацоўніцтва і еўрапейскай салідарнасці. Ён падкрэсліў, што краіны ЕС павінны працягваць намаганні па забеспячэнні даступнасці вакцын для ўсіх еўрапейцаў скаардынавана, справядліва і эфектыўна, а правілы, якія гарантуюць краінам ЕС роўны доступ да прэпаратаў, павінны выконвацца.

Прэм'ер таксама напісаў, што падтрымлівае стварэнне сертыфікатаў аб вакцынацыі, якія будуць прызнаны ва ўсім ЕС, паколькі гэта забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў і людзей. У сваю чаргу ідэя падтрымкі краін па-за ЕС вакцынамі, такіх як краіны Заходніх Балканаў, павінна таксама ахопліваць краіны „Усходняга партнёрства”.

аз