Беларуская Служба

Прэзідэнт Анджэй Дуда нагадаў пра сітуацыю ў Беларусі падчас дэбатаў Савета па правах чалавека ААН

22.02.2021 11:15
Кіраўнік Польшчы заклікаў беларускія ўлады адысці ад палітыкі прыгнёту на карысць палітыкі дыялогу.
   .
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.fot. Jakub Szymczuk/KPRP

Прэзідэнт Анджэй Дуда прыняў удзел у дэбатах на высокім узроўні Савета па правах чалавека ААН. У сваім выступе польскі лідар казаў пра важнасць сацыяльных наступстваў пандэміі COVID-19, а таксама парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і Расіі.

Дэбаты ў рамках 46-й сесіі савета прайшлі ў форме відэаканферэнцыі.

Адной тэмай выступу Анджэя Дуды была сітуацыя з правамі чалавека за ўсходняй мяжой Польшчы, то бок у Беларусі і Расіі.

Кіраўнік Польшчы падкрэсліў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў тысячы беларусаў выйшлі на вуліцы, каб рэалізаваць свае асноўныя дэмакратычныя правы. „Маштабы рэпрэсій з боку беларускага рэжыму, якія рушылі ў адказ, былі вельмі трывожнымі”, - сказаў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі міжнародная супольнасць не можа маўчаць, і кожная краіна павінна выконваць свае абавязацельствы па міжнародным заканадаўстве аб правах чалавека.

„Я заклікаю беларускія ўлады адысці ад палітыкі прыгнёту на карысць палітыкі дыялогу”, - сказаў Анджэй Дуда. Ён звярнуў увагу на тое, што „Беларусь - не адзіная краіна ў рэгіёне, улады якой выкарыстоўваюць палітычныя рэпрэсіі супраць свайго грамадства”.


Нагадваем, у кастрычніку 2019 года Польшча была абрана членам Савета па правах чалавека на перыяд 2020-2022 гады.

аз