Беларуская Служба

Амерыканцы рыхтуюцца да крызісу ва Украіне

02.04.2021 10:12
Еўрапейскае камандаванне Узброеных сіл ЗША ўвяло самы высокі ўзровень пагрозы ў сувязі з эскалацыяй баёў на Данбасе.
Войска ЗШАAutorstwa Spc. James P. Hunt (on duty) - DoD images. See also the news siory., Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2250505

Еўрапейскае камандаванне Узброеных сіл ЗША (EUCOM) увяло самы высокі ўзровень пагрозы ў сувязі з эскалацыяй баёў на Данбасе і перамяшчэннем расійскіх войскаў.

Як паведамляе ваенная штодзёнка «Stars and Stripes», класіфікацыя сітуацыі ва Украіне была зменена на мінулым тыдні камандуючым амерыканскімі сіламі ў Еўропе з «магчымага крызісу» на «магчымы надыходзячы крызіс», які з'яўляецца самым высокім узроўнем пагрозы у сістэме «WATCHCON».

Як заявіў прэс-сакратар Пентагона падчас прэс-канферэнцыі, змяненне ацэнкі пагрозы азначае «страх камандзіра перад патэнцыяльнымі пагрозамі» і зʼяўляецца сігналам для кіраўнікоў пра змену сітуацыі.

Паводле інфармацыі СМІ, гэта рэакцыя на эскалацыю баёў на Данбасе, дзе 26 сакавіка прарасійскія сілы забілі чатырох украінскіх салдат падчас абстрэлу. Гэта былі найбуйнейшыя аднаразовыя страты з пачатку перамірʼя, якое ўступіла ў сілу ў канцы ліпеня мінулага года. Эскалацыя суправаджаецца накапленнем расійскіх сіл вакол Украіны, а таксама павелічэннем актыўнасці Расіі ў іншых рэгіёнах. У панядзелак самалёты NATO падымаліся 10 разоў у адказ на манеўры расійскіх бамбавікоў, якія знаходзіліся побач з межамі краін альянсу.

Прэс-сакратар EUCOM, капітан Вэндзі Шэрман адмовілася даваць ацэнку ўзроўню пагрозы, але сказала, што амерыканскія сілы «вельмі ўважліва сочаць за сітуацыяй».

ав/defence24.pl