Беларуская Служба

Маскоўская паліцыя праводзіць ператрусы ў прыхільнікаў Навальнага і незалежных журналістаў

21.04.2021 12:19
Паплечнікі Аляксея Навальнага прызначылі на 18 гадзін акцыю пратэсту па ўсёй Расіі
Aleksiej Nawalny
Aleksiej Nawalny shutterstock.com/Nikolay Androsov

Паліцыя Масквы затрымала прэс-сакратара Аляксея Навальнага Кіру Ярмыш і кіраўніка каналу Navalny-LIVE Любоў Собаль. У некалькіх дзясятках гарадоў Расіі паліцыянты праводзяць прафілактычныя затрыманні перад запланаванымі на сёння пратэстамі апазіцыі. Як паведамляе партал OVD-info, паліцыя праводзіць ператрусы ў кватэрах прыхільнікаў Аляксея Навальнага і незалежных журналістаў.

Паплечнікі Аляксея Навальнага прызначылі на 18 гадзін акцыю пратэсту па ўсёй Расіі. Дэманстрацыі павінны прымусіць улады змяніць стаўленне да апазіцыянера. У палітыка праблемы з сэрцам, ныркамі і хрыбетнікам. За 20 дзён галадоўкі ён схуднеў на звыш 15 кілаграмаў. Калегі апазіцыйнага лідара б’юць трывогу: стан яго здароўя вельмі сур’ёзны, расіяне павінны яго падтрымаць.

Як піша OVD-info, у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Пяцігорску і некалькіх дзясятках іншых гарадоў Расіі паліцыя правяла ператрусы ў апазіцыйных актывістаў і незалежных журналістаў. Некаторыя людзі былі затрыманыя. Міліцыя і пракуратура нагадваюць патэнцыйным дэманстрантам пра крымінальную адказнасць за парушэнне закона аб масавых мерапрыемствах.

ІАР ПР/нг