Турцыя адкажа на тое, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў разню армян генацыдам, заявіў у нядзелю прэс-сакратар прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана.
Ібрагім Калін нагадаў, што адносіны Турцыі з ЗША ўжо раней былі напружаныя з-за палітыкі ў дачыненні да Сірыі. Ён дадаў, што ў пятніцу падчас размовы абодвух прэзідэнтаў, Рэджэп Таіп Эрдаган папярэдзіў Джо Байдэна, што ён здзейсніць „каласальную памылку”, калі назаве генацыдам забойства армян.
Прадстаўнік прэзідэнта Эрдагана наўпрост не адказаў на пытанне журналістаў, ці Турцыя мае намер абмежаваць амерыканскім сілам доступ да авіябазы Інджырлік, адкуль амерыканцы праводзілі місіі супраць „Ісламскай дзяржавы” і дзе захоўваецца ядзерная зброя ЗША.
Джо Байдэн - першы за апошнія 40 гадоў прэзідэнт ЗША, які публічна назваў генацыдам масавыя забойствы Асманскай імперыі з 1915-1917 гадоў. Аднак у суботняй заяве амерыканскага прэзідэнта вінаватымі ў злачынстве былі названыя „асманскія ўлады”, а не Турцыя.
аз