Беларуская Служба

Літва разглядае магчымасць будаўніцтва агароджы на мяжы з Беларуссю

17.06.2021 17:14
Такім чынам Літва хоча абараніцца ад наплыву нелегальных мігрантаў з Беларусі. 
                    Covid-19
Гранічны пераход паміж Ракавам у Літве і Пяцюлеўцамі ў Беларусі часова закрыты ў сувязі з мерамі па стрымліванні распаўсюджвання пандэміі Covid-19 PAP/EPA/VALDA KALNINA

Гэта каштавала б каля 15 мільёнаў еўра.

Міністр унутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце сказала, што ў цяперашні час разглядаюцца розныя варыянты будаўніцтва агароджы ўздоўж мяжы. У той жа час яна адзначыла, што яе могуць паставіць не ўсюды.

Літоўска-беларуская мяжа мае даўжыню амаль 700 км, але ў многіх месцах, праз якія яна праходзіць, ёсць натуральныя перашкоды. Акрамя таго, некалькі гадоў таму было зроблена каля 80 км плота. Кошт будаўніцтва аднаго кіламетра можа скласці каля 30 тысяч еўра, але эксперты мяркуюць, што пры ўсталёўцы сістэм маніторынгу яго канчатковая цана будзе вышэйшай. Некалькі гадоў таму Літва пабудавала падобную агароджу на мяжы з Калінінградскай вобласцю. У першую чаргу для спынення кантрабанды і абароны ад нелегальнай іміграцыі.

У Літве ўсё больш увагі надаецца праблеме нелегальнай міграцыі. За першыя паўгода года з Беларусі ў Літву пранікнула каля 400 чалавек, у некалькі разоў больш, чым за ўвесь папярэдні год. У асноўным гэта іракцы, якія могуць легальна ляцець у Мінск з Багдада і Стамбула. Нядаўна літоўскія службы абвясцілі, што ў беларускай сталіцы могуць знаходзіцца да 1500 чалавек, якія могуць у любы момант незаконна перасекчы мяжу з Літвой. Вільня не сумняваецца, што гэта наўмысныя дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і называе іх элементамі гібрыднай вайны.

ав