Беларуская Служба

Украіна забараніла ўезд намесніку кіраўніка Беларускага дома Радзівону Батуліну

04.08.2021 13:38
Батулін – паплечнік забітага Віталя Шышова, ён таксама цесна звязаны з Сяргеем «Боцманам» Кароткіх, які вучыўся ў школе КДБ у Беларусі.
Радзівон Батулінфота: БДУ

Украіна на тры гады забараніла ўезд намесніку кіраўніка Беларускага дома ва Украіне Радзівону Батуліну. Пра гэта Дом паведаміў у канале Telegram. Падставы для забароны невядомыя: «У сувязі з наяўнасцю ў базе дадзеных Дзяржаўнай памежнай службы рашэння ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа Украіны аб забароне на ўезд ва Украіну».

Адзначаецца, што Батулін 14 ліпеня выехаў з Украіны ў Еўрасаюз для вырашэння пытання з дакументамі. 3 жніўня, калі было знойдзена цела заснавальніка Дома Віталя Шышова, ён сеў на аўтобус назад у Кіеў. Аднак, калі ён дасягнуў украінскай мяжы 4 жніўня, у пункце пропуску «Устылуг» Батуліну паведамілі, што з моманту выезду ён неўязны.

Батулін – паплечнік забітага Віталя Шышова ў Беларускім доме ва Украіне. Ён цесна звязаны з Сяргеем «Боцманам» Кароткіх, які вучыўся ў школе КДБ у Беларусі. Батулін быў таксама знаёмы з неанацыстам Максімам «Цесакoм» Марцінкевічам. Акрамя таго, ён займаецца спортам – прафесіянальнай барацьбой. Раней выступаў за Беларусь, але потым змяніў грамадзянства і выступаў за Латвію. У 2019 годзе Батулін удзельнічаў у нападзе на машыну пятага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Нагадаем, 3 жніўня каля 8 гадзін раніцы на тэрыторыі лесапаркавай зоны ў Святашынскім раёне сталіцы знайшлі павешанага 26-гадовага грамадзяніна Беларусі, старшыню грамадскай арганізацыі «Беларускі дом ва Украіне» Віталя Шышова. Каля цела паліцыя знайшла яго мабільны тэлефон. Кіеўская пракуратура расцаніла гэтую справу як наўмыснае забойства, а міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба заявіў, што Украіна зробіць усё магчымае, каб расследаваць гэтую справу. Напярэдадні сяброўка Шышова падала заяву ў паліцыю аб знікненні Шышова. Па словах жанчыны, мужчына пайшоў на прабежку ў парк і не вярнуўся. Пазней ён быў знойдзены павешаным.

Шышоў займаўся праверкай бежанцаў з Беларусі: хто сапраўды ўцякае ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а хто – агент беларускага КДБ.

Грамадскае радыё/нг