Прэм’ер-міністры Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі выдалі сумесную заяву, у якой адзначаюць, што міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю быў запланаваны і мэтанакіравана ажыццяўляецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.
«Кіраўнікі ўрадаў чатырох краін выразілі ў гэтай заяве сур’ёзнае занепакаенне ў сувязі з сітуацыяй на мяжы і заявілі пра абавязак бараніць дзяржаўныя межы, у тым ліку вонкавую мяжу Еўрапейскага Саюзу», – адзначае кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык.
- Мы рашуча настроеныя, каб бараніць свае межы, краіны Прыбалтыкі – свае межы. Нагадаю таксама, што гэта вонкавая мяжа Еўрапейскага Саюзу, і гэта адна з асноўных задач кожнага ўраду. Мы таксама высунулі прапанову перадаць гуманітарны груз для Беларусі. Гэты груз можа быць дапамогай для асобаў, якія трапілі ў Беларусь.
Прэм’ер-міністры Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі Матэвуш Маравецкі, Інгрыда Шыманіце, Артурс Крыш’яніс Карыньш ды Кая Калас заклікалі беларускія ўлады спыніць дзеянні, якія вядуць да нагнятання крызісу на мяжы і ў адносінах з краінамі ЕС. У спецыяльнай заяве гаворыцца, што адзіны выхад з палітычнага крызісу – гэта сапраўдны ўнутраны дыялог у Беларусі, з удзелам грамадзянскай супольнасці, у тым ліку тымі яе прадстаўнікамі, якія былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі, а таксама вызваленне ўсіх палітычных вязняў і правядзенне новых выбараў.
IAR/нг