Беларуская Служба

Лідарам G7 не ўдалося пераканаць прэзідэнта ЗША прадоўжыць прысутнасць амерыканцаў у Афганістане

25.08.2021 10:39
Еўрапейскія краіны згадзіліся, што без амерыканцаў, якія кантралююць аэрапорт Кабула, яны не змогуць самастойна працягваць эвакуацыю.
Барыс ДжонсанPAP/EPA/ANDY RAIN

Кіраўнікі Групы G7 падчас віртуальнага саміту па сітуацыі ў Афганістане пацвердзілі, што зараз прыярытэтам з’яўляецца эвакуацыя іхных грамадзян і афганскіх паплечнікаў, аднак ім не ўдалося пераканаць прэзідэнта ЗША працягнуць аперацыю пасля 31 жніўня.

У апублікаванай заяве лідары краін G7 выказалі падтрымку народу Афганістана і глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у краіне, а таксама заклікалі да міру і стрыманасці з мэтай забеспячэння бяспекі афганцаў і грамадзян іншых краін, а таксама прадухілення гуманітарнага крызісу ў краіне.

Яны заклікалі да пашаны правоў чалавека, у тым ліку правоў жанчын і меншасцей, а таксама да пашаны міжнароднага гуманітарнага права. У заяве няма нічога аб магчымым прадаўжэнні часу знаходжання амерыканскіх войскаў у аэрапорце Кабула пасля даты, устаноўленай прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, то бок 31 жніўня.

Нагадваем, пасля саміту брытанскі прэм'ер-міністр Барыс Джонсан і канцлер Германіі Ангела Мэркель прызналі, што ім не ўдалося пераканаць прэзідэнта Байдэна падоўжыць тэрмін знаходжання амерыканскіх войскаў у Кабуле.
Еўрапейскія краіны згадзіліся, што без амаль 6 тысяч амерыканскіх жаўнераў, якія кантралююць аэрапорт Кабула, яны не змогуць самастойна працягваць эвакуацыю.

Саміт, які прайшоў у форме відэаканферэнцыі, склікаў Барыс Джонсан, паколькі ў гэтым годзе Вялікабрытанія старшынствуе ў G7. У групу ўваходзяць Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Францыя, Германія, Італія і Японія. У саміце таксама ўдзельнічалі генсакратары НАТА і ААН.

IAR/аз