Беларуская Служба

Амбасадары краін ЕС абмяркуюць сітуацыю ў Афганістане і на мяжы з Беларуссю

26.08.2021 09:21
Сённяшняя сустрэча павінна таксама падрыхтаваць пазачарговае паседжанне міністраў унутраных спраў ЕС у Бруселі.
Сцяг Еўрапейскага СаюзаPhoto: moritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

У другой палове дня ў Бруселі амбасадары краін ЕС абмяркуюць сітуацыю ў Афганістане і сітуацыю ўцекачоў з гэтай краіны. Як даведалася Польскае радыё, Польшча таксама хоча пагаварыць аб сітуацыі на мяжы з Беларуссю.

Гаворка ідзе аб распальванні міграцыйнага крызісу ўладамі ў Мінску. На думку ўладаў у Варшаве, гэта элемент гібрыднай вайны і спроба дэстабілізаваць рэгіён. Беларусь дапамагае нелегальным мігрантам прыбыць у Мінск, а потым перасячы межы з Літвой, Польшчай і Латвіяй. За гэта ўжо некалькі тыдняў беларускі рэжым падвяргаецца крытыцы з боку Еўрасаюза. Брусель прыгразіў дадатковымі санкцыямі супраць беларускага рэжыму.

Сённяшняя сустрэча павінна таксама падрыхтаваць пазачарговае паседжанне міністраў унутраных спраў ЕС у Бруселі, якое можа адбыцца ў наступны аўторак. У замен за прыём бежанцаў, ЕС павінен распрацаваць план фінансавай падтрымкі для суседніх з Афганістанам краін – асабліва Пакістана, Ірана і Цэнтральнай Азіі.

Таксама краіны ЕС, калі захочуць добраахвотна прыняць бежанцаў, змогуць разлічваць на фінансавую падтрымку.

IAR/аз