Беларуская Служба

Прэзідэнт Украіны сустрэнецца з прэзідэнтам ЗША

01.09.2021 11:31
Пасля Ангелы Мэркель Зяленскі – другі еўрапейскі лідар, які наведвае Белы дом з моманту ўступлення Джо Байдэна на пасаду.
       .
Уладзімір Зяленскі размаўляў з кіраўніком НАСА Білам Нэльсанам. PAP/EPA/NASA/Bill Ingalls HANDOUT

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэнецца сёння ў Белым доме з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Асноўнымі тэмамі перамоў будуць: энергетычная бяспека, ваеннае супрацоўніцтва і рэформы ва Украіне.

Учора Зяленскі правёў перамовы ў Пентагоне, Міністэрстве энергетыкі і Сусветным банку. Пытанне зніжэння рызыкі энергетычнага шантажу з боку Расіі стала прадметам перамоў прэзідэнта Украіны з міністрам энергетыкі ЗША Джэніфер Гранхольм. Гаворка ішла, між іншым, пра Nord Stream 2. Зяленскі прапанаваў пастаянныя кансультацыі ў фармаце «Украіна-Германія-ЗША» для забеспячэння транзіту газу праз Украіну.

Падчас візіту ў Пентагоне міністры абароны ЗША і Украіны падпісалі пагадненне аб ваенным супрацоўніцтве. Раней Белы дом абвясціў аб перадачы Украіне дадатковых 60 мільёнаў долараў ваеннай дапамогі. Украінскі прэзідэнт размаўляў таксама аб супрацоўніцтве ў касмічных даследаваннях з кіраўніком НАСА Білам Нэльсанам.

Перад сённяшняй сустрэчай прэзідэнтаў Белы дом падкрэсліў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ва ўмовах агрэсіі Расіі ў Крыме і на Данбасе.

Пасля Ангелы Мэркель Уладзімір Зяленскі – другі еўрапейскі лідар, які наведвае Белы дом з моманту ўступлення Джо Байдэна на пасаду.

IAR/аз