«Дзеянні беларускага рэжыму на мяжы з Еўрасаюзам – гэта гібрыдная атака», – лічыць міністр унутраных спраў Славеніі, якая цяпер кіруе працай ЕС. У сваю чаргу камісар па ўнутраных справах ЕС канстатавала, што Аляксандр Лукашэнка інструментальна выкарыстоўвае мігрантаў.
Пытанне распальвання ўладамі ў Мінску міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй абмяркоўвалася падчас сустрэчы міністраў унутраных спраў ЕС у Бруселі, прысвечанай міграцыі пасля прыходу да ўлады ў Афганістане талібаў.
Славенскі міністр Алеш Хойс падкрэсліў, што беларускі рэжым надалей прыцягвае мігрантаў з Ірака. «Самалёты ўвесь час лётаюць, а потым службы бяспекі «падштурхоўваюць» бедных людзей за мяжу. А мы павінны абараняць свае знешнія межы», – дадаў Хойс.
Еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан лічыць, што гэта рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на жорсткія санкцыі ЕС.
«На яго аказваецца ціск, і таму ён у адчаі. Інструментальны падыход да мігрантаў – гэта таксама спосаб атрымаць грошы», – дадала камісар. Раней паведамлялася, што мігранты з Ірака плацяць па 15 тысяч еўра за рэйс з Багдада ў Мінск.
Ільва Ёхансан таксама падкрэсліла, што краіны ЕС гатовыя ўвесці чарговыя санкцыі, і што яна сама можа прыняць рашэнне аб візавых санкцыях для людзей, звязаных з рэжымам Лукашэнкі.
IAR/аз