Беларуская Служба

МЗС Літвы: Беларусь – злачынная дзяржава, якая аказвае ціск на суседнія краіны

02.09.2021 13:29
Камітэт па замежных справах Еўрапарламента абмеркаваў сітуацыю на польска-беларускай мяжы.
        - .
Камітэт па замежных справах Еўрапарламента абмеркаваў сітуацыю на польска-беларускай мяжы.PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

Прадстаўнікі Польшчы, Літвы і Латвіі пераконвалі ў Еўрапарламенце, што Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў і пагражае бяспецы і стабільнасці Еўрасаюза. Падчас пасяджэння Камітэта па замежных справах адбыліся дыскусіі аб сітуацыі на знешняй мяжы супольнасці і гібрыднай вайне супраць ЕС.

Дэбаты прайшлі па просьбе польскага еўрадэпутата Вітальда Вашчыкоўскага. Амбасадар Польшчы ў ЕС Анджэй Садась (Andrzej Sadoś) нагадаў, што са студзеня па жнівень былі зафіксаваныя больш за 3 700 спробаў незаконнага перасячэння польскай мяжы з Беларусі, з якіх пераважная большасць, то бок больш за 3 300, у мінулым месяцы:

- Няма ніякіх сумневаў у тым, што крызіс на межах з Беларуссю запланавалі і арганізавалі беларускія ўлады. Часткай гэтых дзеянняў з’яўляецца дэзынфармацыйная кампанія. Гэта таксама пагроза бяспецы і стабільнасці ў ЕС.

У сваю чаргу віцэ-міністр замежных спраў Літвы Мантас Адаменас пераконваў, што «Беларусь, гэта злачынная дзяржава, якая аказвае ціс на суседнія краіны». Прадстаўніца МЗС Латвіі заявіла, што мігранты з памежнай зоны прылятаюць у Беларусь на падставе турыстычных візаў.

IAR/аз