Беларуская Служба

Караван мігрантаў ідзе праз Мексіку ў бок ЗША

05.09.2021 12:35
Акрамя найбольш шматлікай групы бежанцаў з Гандураса, у караване ёсць таксама кубінцы, венесуэльцы і гаіцяне.
Мігранты ў МексіцыPAP/EPA/Juan Manuel Blanco

Караван, у якім каля 400 мігрантаў з Гандураса і Цэнтральнай Амерыкі, у нядзелю раніцай пакінуў горад Тапачула ў Мексіцы і накіраваўся ў ЗША, паведамляе Reuters. Праваахоўныя органы Мексікі жорстка разагналі іншыя групы мігрантаў на мінулым тыдні.

У групе шмат дзяцей, якія ідуць да мяжы з ЗША. Мігранты праігнаравалі заклікі сілавікоў разысціся. Акрамя найбольш шматлікай групы бежанцаў з Гандураса, у караване ёсць таксама кубінцы, венесуэльцы і гаіцяне.

На мінулым тыдні Associated Press апублікавала відэаролікі, на якіх было бачна прымяненне сілы салдатамі Нацыянальнай гвардыі Мексікі, якія разганялі групы мігрантаў.

Прэзідэнт Андрэс Мануэль Лопес Абрадор заявіў у тэлепрамове, што «правы чалавека не парушаліся», а ўрад Мексікі абвясціў аб намеры затрымаць усіх мігрантаў на поўдні краіны.

Прычыны ўцёкаў з Гандураса тыя ж, што і доўгія гады: беднасць, беспрацоўе, дрэнныя служба аховы здароўя і адукацыя, а таксама гвалт з боку вулічных груповак, што робіць Гандурас адной з самых небяспечных краін свету.

На працягу некалькіх гадоў маршрут, які вядзе праз Гватэмалу і Мексіку да мяжы ЗША, праходзілі тысячы мігрантаў з Лацінскай Амерыкі. Аднак пасля масавых караванаў 2018 і 2019 гадоў Мексіка ў дамоўленасці з ЗША накіравала да сваіх межаў вялікія кантынгенты салдат, каб спыніць прыток мігрантаў.

ав