Талібы заявілі, што яны захапілі апошні рэгіён Афганістана – даліну Панджшэр. Калі гэта праўда, яны кантралююць усю краіну, што не ўдалося ні адной уладзе за больш чым 40 гадоў. Узброеная апазіцыя аспрэчвае, што яна прайграла.
Даліна Панджшэр – аплот празаходняй апазіцыі. Дзякуючы свайму рэльефу, гэтага месца не здолела захапіць ніводная ранейшая ўлада, у тым ліку савецкая армія, якая акупавала Афганістан у 1980-я гады.
Як паведамляюць мясцовыя журналісты, талібы ноччу ўварваліся ў Панджшэр, а раён быў бамбардаваны з паветра пакістанскімі верталётамі і беспілотнікамі. Пакістанская ваенная выведка здаўна падтрымлівае рух «Талібан».
Прадстаўнікі празаходняй апазіцыі, якая абаранялася ў Панджышэры, прызналі, што ўначы там адбыліся жорсткія баі, хаця яны сцвярджаюць, што ўсё яшчэ адбіваюцца ад нападаў талібаў. У сацыяльных сетках, аднак, можна знайсці фатаграфіі талібаў у цэнтры Панджшэра.
Прадстаўнік талібаў кажа, што звергнуты віцэ-прэзідэнт Афганістана Амрула Салех, які ў апошнія дні быў адным з лідараў руху супраціву, збег у Таджыкістан.
У бліжэйшыя гадзіны талібы павінны абвясціць склад новага ўраду Афганістана.
IAR/нг