Еўрапейскі саюз асудзіў вынясенне прысуду вядучым прадстаўнікам беларускай апазіцыі. Заяву на гэты конт апублікаваў прэс-сакратар кіраўніка дыпламатыі ЕС Петэр Стана (Peter Stano).
Марыя Калеснікава была асуджаная на 11 гадоў, а Максім Знак – на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы і змову з мэтай захопу ўлады.
Прэс-сакратар кіраўніка дыпламатыі ЕС падкрэсліў у заяве, што апазіцыянеры былі асуджаныя ў закрытым працэсе па неабгрунтаваных абвінавачваннях. «Еўрапейскі саюз асуджае працяглую і абуральную няздольнасць рэжыму ў Мінску паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды грамадзян Беларусі», – дадаў прэс-сакратар. Ён паўтарыў сваё патрабаванне аб неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх палітвязняў у Беларусі (іх ужо больш за 650 чалавек). Стана падкрэсліў, што ўлады ў Мінску павінны выконваць міжнародныя абавязацельствы.
IAR/нг