Беларуская Служба

Байдэн і Сі Цзіньпін абмеркавалі перадухіленне канфліктаў паміж ЗША і КНР

10.09.2021 12:33
Бакі дамовіліся падтрымліваць частыя кантакты і развіваць узаемадзеянне на ўзроўні рабочых груп.
.
Дж. БайдэнPAP/EPA/SHAWN THEW

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і старшыня КНР Сі Цзіньпін правялі першыя перамовы за сем месяцаў. На працягу 90 хвілін палітыкі абмяркоўвалі двухбаковыя адносіны, падкрэсліўшы неабходнасць не дапусціць ператварэння канкурэнцыі паміж дзвюма найбуйнейшымі эканомікамі свету ў канфлікт.

Амерыканскі бок заявіў, што далейшая сітуацыі пакажа, ці можна вывесці з тупіка амерыкана-кітайскія адносіны, якія знаходзяцца на самым нізкім узроўні за апошнія дзесяцігоддзі.

У заяве Белага дома гаворыцца, што Байдэн і Сі Цзіньпін правялі «шырокае стратэгічнае абмеркаванне», якое ахапіла як вобласці, дзе пазіцыі бакоў сыходзяцца, так і вобласці, у якіх іх інтарэсы і каштоўнасці не супадаюць. Як паведаміў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік уладаў ЗША, гутарка была сканцэнтравана на эканамічных пытаннях, змяненні клімату і барацьбе з пандэміяй каранавіруса.

«Прэзідэнт Байдэн падкрэсліў нязменную зацікаўленасць Злучаных Штатаў у міры, стабільнасці і росквіце ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне і ва ўсім свеце. Абодва лідары адзначылі адказнасць абедзвюх краін за тое, каб канкурэнцыя не перарастала ў канфлікт», – гаворыцца ў заяве.

Па дадзеных кітайскіх дзяржаўных СМІ, Сі Цзіньпін сказаў Байдэну, што палітыка ЗША ў дачыненні да Кітая стварае «сур'ёзныя складанасці» для адносін.

Пры гэтым паведамляецца, што бакі дамовіліся падтрымліваць частыя кантакты і развіваць узаемадзеянне на ўзроўні рабочых груп.

pap/эж