Беларуская Служба

Прэзідэнт Дуда прыме ўдзел у сустрэчы еўрапейскіх лідараў у Рыме

14.09.2021 11:21
Сёння прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і першая лэдзі пачынаюць двухдзённы візіт у Рыме.
     .
Прэзідэнт Анджэй Дуда і першая лэдзі.PAP/Radek Pietruszka

Кіраўнік Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Якуб Кумах(Jakub Kumoch) паведаміў, што падчас саміту дзяржаў Групы Арайолуш (Arraiolos) прэзідэнт Анджэй Дуда будзе гаварыць аб напрамках еўрапейскага развіцця. Сустрэча пройдзе ў Рыме і будзе прысвечаная, у прыватнасці, пытанням умацавання пазіцыі Еўрасаюза на міжнароднай арэне.

Удзел прэзідэнта Анджэя Дуды даказвае, што Польшча адчувае сябе неад'емнай часткай абʼяднанай Еўропы, лічыць Кумах:

- Гэта сустрэча еўрапейскіх лідараў на тэму будучыні еўрапейскай супольнасці. Пасля брэксіту і міграцыйнага крызісу з 2015 году бачныя розніцы ў поглядах, аднак сіла і патэнцыял Еўрасаюза – важная справа. Таму Польшча хоча ўдзельнічаць у гэткіх дыскусіях.

Сёння прэзідэнт Анджэй Дуда і першая лэдзі пачынаюць візіт у Рым. У першы дзень яны, між іншым, наведаюць магілу святога Папы рымскага Яна Паўла ІІ у базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане.

Заўтра падчас саміту Групы Арайолуш прэзідэнт Польшчы сустрэнецца з прэзідэнтамі Італіі, Балгарыі, Германіі, Эстоніі, Ірландыі, Грэцыі, Харватыі, Латвіі, Венгрыі, Мальты, Аўстрыі, Партугаліі, Славеніі і Фінляндыі.
Запланаваныя два пленарныя паседжанні.

IAR/аз