У італьянскім гарадку П'едзімонтэ-Сан-Джэрмана адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці жаўнераў 6-га Бранятанкавага палка імя Львоўскіх дзяцей. Гэта частка святкавання 80-годдзя ўтварэння арміі генерала Уладзіслава Андэрса.
Ва ўрачыстасці прымуць удзел апошнія ветэраны 2-га Польскага корпуса, ветэраны барацьбы за незалежнасць, прадстаўнікі антыкамуністычнай апазіцыі, а таксама прадстаўнікі Упраўлення па справах ветэранаў і рэпрэсаваных асоб.
Кіраўнік упраўлення Ян Юзэф Каспшык(Jan Józef Kasprzyk) нагадаў, што баі ля Пʼедзімонтэ-Сан-Джэрмана фактычна ўвянчалі перамогу на Монтэ-Касіна:
- Гэта момант, калі мы можам ганарыцца тым, што мы палякі і тым, што народы і дзяржавы Еўропы дзякуюць нам за свабоду, якую ў 1944-1945 гадах давалі польскія жаўнеры.
Стварэнне Войска Польскага на Усходзе, якое ў 1943 годзе было перайменавана ў 2-гі Польскі корпус, стала магчымым дзякуючы пакту Сікорскі-Майскі ад 30 ліпеня 1941 года. Дамова прадугледжвала стварэнне польскага войска з жыхароў усходніх памежжаў, якія пасля амністыі былі вызвалены з савецкага палону, у якім апынуліся пасля агрэсіі Чырвонай Арміі на Польшчу ў верасні 1939 года.
Баі ля Пʼедзімонтэ-Сан-Джэрмана праходзілі 20-25 траўня 1944 года. У бітве загінулі 208 польскіх жаўнераў.
У сваю чаргу, заўтра на польскіх ваенных могілках у Монтэ-Касіна ўшануюць памяць палякаў, загінулых у баях за ўзгорак.
IAR/аз