Беларуская Служба

У Паўночнай Карэі прайшло чарговае выпрабаванне ракеты

29.09.2021 09:46
Паўночнакарэйскае інфармацыйнае агенцтва KCNA не ўдакладняе, ці гэта быў балістычны снарад.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com

Паўночная Карэя заявіла, што правяла выпрабаванні звышгукавой ракеты. Ракета, якую быццам бы збудавалі паўночнакарэйскія навукоўцы, завершыла свой палёт у Японскім моры. Пхеньян сцвярджае, што выпрабаванні з'яўляюцца часткай праграмы павышэння абароннага патэнцыялу краіны.

Паўночнакарэйскае інфармацыйнае агенцтва KCNA не ўдакладняе, ці гэта быў балістычны снарад. Спробы выкарыстаць гэты від зброі ў Паўночнай Карэі падлягаюць санкцыям ААН. На думку экспертаў, на якія спасылаецца паўднёвакарэйскае агенцтва Yonhap, адбылося выпрабаванне менавіта балістычнай ракеты. Паўночнакарэйскія СМІ не прыводзяць падрабязнасцяў наконт тэхнічных дэталяў.

Гэта як мінімум шостае выпрабаванне ракеты ў Паўночнай Карэі сёлета. Два тыдні таму былі запушчаны дзве ракеты малой далечыні, якія ўпалі ў Японскае мора, якое ў Паўднёвай Карэі называюць Усходнім морам.

На мінулым тыдні Паўночная Карэя выказала жаданне аднавіць перамовы з Паўднёвай Карэяй. Аднак спробы ўладаў у Сеуле ўсталяваць кантакт з Пхеньянам пакуль засталіся без адказу.

IAR/нг