Сітуацыя на польска-беларускай мяжы будзе абмяркоўвацца на сесіі Еўрапейскага парламента. Дэпутаты Еўрапарламента збіраюцца сёння ў Страсбургу. Яны будуць дыскутаваць да чацвярга. Акрамя справы Беларусі, на парадку дня таксама: бяспека дарожнага руху, кібербяспека, рост коштаў на энерганосьбіты і палітыка ЕС у дачыненні да Арктыкі.
Аб падрабязнасцях распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Суроўка:
- У Еўрапарламенце адбудуцца дэбаты на тэму міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі і Еўрасаюза і гібрыднай вайны, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіць супраць еўрапейскай супольнасці. У сераду еўрадэпутаты будуць галасаваць па рэзалюцыі па гэтай справе. Плануюцца таксама дэбаты на тэму стварэння і фінансавання еўразвязаўская агенцтва па справах палітыкі прытулку. Еўрадэпутаты будуць таксама размаўляць пра рост коштаў на энерганосьбіты і адносіны з ЗША. Наступная важная тэма – бяспека дарожнага руху. ЕС хоча, каб да 2050 года колькасць смяротных выпадкаў на еўрапейскіх дарогах знізілася да нуля. Сярод прапановаў інвестыцыі ў дарожную інфраструктуру, стварэнне ў гарадах зонаў з максімальнай дазволенай хуткасцю 30 кіламетраў на гадзіну і абвастрэнне караў за кіраванне аўтамабілем пад уздзеяннем алкаголю.
кс/аз