Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен выказала занепакоенасць учорашнім рашэннем Канстытуцыйнага суда Польшчы. Згодна з яго пастановай, палажэнні Дамовы аб Еўрапейскім Саюзе, аспрэчаныя ў сакавіку прэм'ер-міністрам Матэвушам Маравецкім, пярэчаць Канстытуцыі. Кіраўнік Еўракамісіі ў заяве падкрэсліла, што яна замовіла свой аналіз рашэння Канстытуцыйнага суда. Яна дадала, што будзе абараняць прынцып вяршэнства заканадаўства ЕС над нацыянальным заканадаўствам.
Былая прэмʼер-міністр, еўрадэпутат ад партыі «Права і справядлівасць» Бэата Шыдла адказала на сумневы старшыні Еўракамісіі. «Інтэрпрэтацыя Канстытуцыйнага суда Польшчы па пытанні вяршэнства ўнутранага заканадаўства адпавядае юрыспрудэнцыі Канстытуцыйнага суда Германіі, пра што вы, як нямецкі палітык, напэўна ведаеце», – напісала яна ў Twitter.
Пытанне аб адпаведнасці палажэнняў Канстытуцыі Польшчы дамове аб ЕС разглядалася Канстытуцыйным судом у поўным складзе. Прысуд быў прыняты большасцю галасоў. Заява прэмʼер-міністра ўтрымлівала тры моманты, у тым ліку сумненне, наколькі канстытуцыйным зʼяўляецца прынцып вяршэнства заканадаўства ЕС над нацыянальным.
Прэмʼер-міністр падаў заяву ў Канстытуцыйны суд пасля сакавіцкага рашэння Суда Еўрапейскага Саюза. Суд пастанавіў, што цяперашняя форма польскай Нацыянальнай судовай рады не гарантуе абʼектыўнага назначэння кандыдатаў у суддзі.
IAR PR/нг