Тры мільярды людзей у свеце не могуць сабе дазволіць на здаровую ежу, паведамляе Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН. Сёння, у гадавіну ейнага заснавання, адзначаецца Сусветны дзень харчавання.
Пандэмія каранавіруса прывяла да павелічэння колькасці людзей у свеце, якія недаядаюць і галадаюць. Лакдаўн прывёў да таго, што людзі страцілі працу і сродкі да жыцця. Гэта адбылося ў многіх краінах Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі.
Гелена Краеўска(Helena Krajewska) з Польскай гуманітарнай акцыі падкрэслівае, што ўсё большая колькасць дзяцей ва ўсім свеце знаходзіцца ў асабліва цяжкай сітуацыі:
-У найбяднейшых краінах толькі палова наймалодшых дзяцей атрымлівае неабходную колькасць ежы. Яшчэ менш – здаровую ежу. Зразумела, гэтыя дзеці хварэюць, горш спраўляюцца з навукай у школе. Усё гэта ўскладняе ім магчымасць выйсці з бяды і галечы ў будучыні.
Польская гуманітарная акцыя(PAH) – адна з нямногіх польскіх арганізацый, якія дапамагаюць у барацьбе з голадам і недаяданнем. Змены клімату і ўзброеныя канфлікты таксама з'яўляюцца прычынамі павелічэння колькасці галодных людзей у свеце. У апошнія тыдні з’ява голаду расце ў Афганістане, дзе да ўлады прыйшлі талібы і пераважная большасць міжнароднай дапамогі была спыненая. Пагаршаецца сітуацыя ў Эфіопіі.
IAR/аз