Беларуская Служба

Польшча і Літва асудзілі рэжым у Мінску за гібрыдныя дзеянні на мяжы

20.10.2021 12:45
Дэпутаты з Польшчы і Літвы заклікалі рэжым у Мінску выконваць міжнародныя абавязацельствы.
           .
Польшча і Літва асудзілі рэжым у Мінску за гібрыдную атаку на мяжы.PAP/Radek Pietruszka

У Вільні праходзіць XXIV афіцыйнае паседжанне Парламенцкай асамблеі парламенту Польшчы і Сейма Літвы. Дэпутаты прынялі рэзалюцыю, якая асуджае дзеянні беларускага рэжыму. У прыватнасці, выкарыстанне беларускім рэжымам незаконнай міграцыі для дэстабілізацыі сітуацыі ў Літве, Польшчы і Латвіі.

Польскія і літоўскія парламентары заклікалі беларускія ўлады адмовіць у выдачы грамадзянам трэціх краін віз, якія не адпавядаюць фактычнай мэце іх прыбыцця, а таксама выконваць міжнародныя абавязацельствы, у тым ліку падоўжыць пагадненне аб рэадмісіі, заключанае з Еўрапейскім Саюзам.

Тэкст дакумента на польскай мове зачытала намеснік старшыні польскага Сейма Малгажата Гасеўска, якая ўзначальвае польскую дэлегацыю.

Парламентары таксама патрабуюць, каб міжнародная супольнасць звяртала больш увагі на выпадкі парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Гаворка ідзе, як пра мігрантаў, так і беларускіх грамадзян. Яны заклікалі да ўзмацнення ціску на Мінск шляхам палітычных, эканамічных і персанальных санкцыі супраць адказных за гібрыдную атаку супраць дзяржаў-членаў ЕС.

Польская і літоўская дэлегацыі наведалі таксама літоўска-беларускую мяжу, у тым ліку лагер для бежанцаў і сустрэліся з памежнікамі.

Учора з нагоды сумеснай сесіі парламентаў у будынку Сейма Літвы адкрылася выстава пад назвай: «Канстытуцыя 3 траўня».

IAR/аз