Арганізацыя Абʼяднаных Нацый стварыла спецыяльны мэтавы фонд для Афганістана. Міжнародная супольнасць спадзяецца, што гэта дапаможа афганцам падчас надыходзячай зімы. Сродкі з фонду павінны дазволіць найбяднейшым купіць неабходныя прадукты харчавання.
Пасля таго як талібы перанялі ўладу ў Кабуле, міжнародныя інстытуты замарозілі афганскія актывы, а мясцовыя банкі прыпынілі магчымасць зняцця наяўных грошай. У выніку многім афганцам давялося абыходзіцца без грошай.
Паводле ацэнак ААН, неадкладныя патрэбы фонду складаюць амаль 700 мільёнаў долараў. Да гэтай пары 50 мільёнаў аб’яцала Германія – першы донар фонду.
У выніку эканамічнага спаду пасля прыходу да ўлады талібаў больш за палову афганцаў жыве на мяжы беднасці. Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, у гэтым годзе афганская эканоміка скароціцца на 30%. Каментатары нагадваюць, што яшчэ да талібаў 60% ВУП краіны грунтавалася на міжнароднай дапамозе.
IAR/аз