Больш за 160 былых лідараў з усяго свету заклікалі багатыя краіны неадкладна адправіць мільёны лішніх доз вакцын супраць COVID-19 бедным краінам, паведамляе ВВС. Ліст са згаданым заклікам узнік па ініцыятыве былога прэмʼера Вялікабрытаніі Гордана Браўна. Яго падпісалі 36 былых прэзідэнтаў, 30 былых прэмʼер-міністраў і 100 іншых уплывовых асобаў з усяго свету.
Дакумент адрасаваны прэмʼер-міністру Італіі, які падчас выходных будзе прымаць у Рыме сусветных лідараў-удзельнікаў саміту G20.
Падпісанты адзначылі, што з больш за 6 мільярдаў доз вакцын супраць COVID-19, 70 працэнтаў былі выкарыстаныя толькі ў некалькіх краінах. У той час у краінах з нізкім узроўнем даходу толькі 2% насельніцтва былі прышчэплены адной дозай прэпарата супраць каранавіруса.
Паводле аўтараў ліста, да канца кастрычніка ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і краінах Еўрасаюза будзе 240 мільёнаў нявыкарыстаных доз вакцын, якія трэба як мага хутчэй адправіць у тыя краіны, дзе яны найбольш патрэбныя.
Калі б цягам наступных чатырох месяцаў у самыя бедныя краін удалося перадаць больш за мільярд дозаў вакцынаў, то, магчыма, удалося б дасягнуць мэты, якую вызначыла Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ). Гаворка ідзе пра імунізацыю 70% дарослага насельніцтва свету да вясны 2022 года.
PAP/аз