Беларуская Служба

У Вялікабрытаніі пачынаецца вялікая канферэнцыя ААН, прысвечаная кліматычным зменам

31.10.2021 10:07
У COP26 прымаюць удзел краіны, якія падпісалі Парыжскае пагадненне шэсць гадоў таму. 
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnerafapress/Shutterstock

У Глазга пачынаецца канферэнцыя ААН па змене клімату – COP26. Амаль два тыдні дэлегаты з прыкладна 200 краін свету будуць абмяркоўваць, між іншым, правілы глабальнага гандлю правамі на выкіды вуглякіслага газу і дэкларацыі краін аб барацьбе з пацяпленнем, то бок аб іх рашэннях па скарачэнні выкідаў парніковых газаў.

Намеснік міністра клімату і навакольнага асяроддзя Адам Жыбуржэ-Чэтвертынскі (Adam Guibourgé-Czetwertyński) заявіў Польскаму радыё, што ключом да поспеху нашых сумесных глабальных намаганняў з'яўляюцца больш амбіцыйныя мэты па змяншэнні наступстваў змены клімату, прапісаныя ў Парыжскім пагадненні. У якасці прыкладу ён прывёў Еўрасаюз, які абавязаўся дасягнуць кліматычнай нейтральнасці да 2050 года і пагадзіўся скараціць выкіды CO2 на 55 працэнтаў да 2030 года. Ён дадаў, што апошнім часам усё больш краін у свеце прымаюць такія жа амбітныя дэкларацыі.

Папярэдні саміт адбыўся ў Польшчы, а цяпер у Вялікабрытаніі працягваецца абмяркоўванне мэтаў, заяўленых у Катавіцах, прапаноўваючы сусветнай супольнасці прыняць дэкларацыю аб канкрэтных дзеяннях у ключавых галінах для зніжэння выкідаў СО2, – кажа міністр.

- Брытанскае старшынства працягвае традыцыі, якія былі распачатыя ў Катавіцах, прапануючы краінам сусвету прыняць рашэнні, важныя для зніжэння выкідаў СО2. Гэта электрамабільнасць, павелічэнне лясных насаджэнняў, якія ўсмоктваюць вуглякіслы газ, гэта справядлівае пераўтварэнне. Па дадзеных тэмах Польшча ў свой час падрыхтавала ў Катавіцах дэкларацыі, якія сустрэліся з падтрымкай дзяржаваў, якія зацікаўленыя ў сумесных дзеяннях.

Сёння дэлегаты зоймуцца арганізацыйнымі пытаннямі сёлетняга саміту, а заўтра адбудзецца афіцыйнае адкрыццё мерапрыемства. У ім возьмуць удзел прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў з розных краін свету, у тым ліку прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі.

COP26 – гэта назва 26-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі Арганізацыі Абʼяднаных Нацый аб змяненні клімату. Гаспадарамі сёлетняга кліматычнага саміту, які працягнецца да 12 лістапада, сталі Вялікабрытанія і Італія.

У COP26 прымаюць удзел краіны, якія падпісалі Парыжскае пагадненне шэсць гадоў таму. Гэтым самым дзяржавы паабяцалі дзейнічаць у карысць затрымкі глабальнага пацяплення з мэтай утрымаць павышэнне глабальнай сярэдняй тэмпературы ніжэй за 2 градусы Цэльсія.

IAR/нг