Еўрасаюз і НАТА крытыкуюць беларускі рэжым за выкарыстоўванне мігрантаў для дэстабілізацыі сітуацыі ў дзяржах-членах. Прадстаўнікі супольнасці і Паўночнаатлантычнага альянсу пракаментавалі паведамленні аб тысячах мігрантаў, прывезеных рэжымам у Мінску на польска-беларускую мяжу, якія фарсуюць памежную агароджу.
Старшыня Еўракамісіі запэўніла ў салідарнасці з Польшчай адносна міграцыйнага крызісу на мяжы. Урсула фон дэр Ляен апублікавала заяву, у якой заклікала Мінск спыніць рызыкаваць чалавечым жыццём і заклікала краіны-члены аператыўна ўвесці санкцыі супраць вінаватых у гібрыдных нападах з удзелам мігрантаў.
Урсула фон дэр Ляен таксама паведаміла аб магчымасці пашырэння санкцый на авіякампаніі, якія займаюцца кантрабандай людзей. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра беларускага дзяржаўнага авіяперавозчыка «Белавія», які лідзіруе ў перавозцы мігрантаў. Раней узніклі прапановы ахапіць міжнароднымі санкцыямі таксама аэрапорт у Мінску. Кіраўнічка Еўракамісіі падкрэсліла, што інструментальнае выкарыстоўванне мігрантаў у палітычных мэтах – непрымальнае. «Гэта не дапаможа беларускаму рэжыму дасягнуць сваіх мэтаў», – напісала Урсула фон дэр Ляен.
Гэта працяг спробаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі дэстабілізаваць сітуацыю ў ЕС, лічыць прэс-сакратар Еўракамісіі па ўнутраных справах Адальберт Янз:
- Гэта працяг адчайных спробаў рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае людзей як пешкі для дэстабілізацыі Еўрасаюза. Мы неаднаразова асуджалі спробы інструментальнага выкарыстоўвання людзей у палітычных мэтах.
У сваю чаргу, віцэ-старшыня камісіі па справах міграцыі плануе накіравацца ў галоўныя краіны паходжання і транзіту нелегальных мігрантаў, каб іх грамадзяне не траплялі ў пастку беларускіх уладаў.
Сёння ў Бруселі Польшча прэзентуе краінам Еўрасаюза сабраныя службамі доказы дзейнасці беларускага рэжыму на мяжы. Амбасадар Анджэй Садась запрасіў на сустрэчу ў Пастаяннае прадстаўніцтва Польшчы пры Еўрасаюзе сваіх калегаў з дзяржаў-членаў, а таксама прадстаўнікоў Еўракамісіі і дыпламатычнага корпуса ЕС. Сустрэча пройдзе за зачыненымі дзвярыма, паколькі інфармацыя, якую прадставіць польскі бок, мае сакрэтны характар. У сустрэчы прымуць удзел прадстаўнікі ўстановаў, якія адказваюць за бяспеку ў краіне.
Нагадваем, сітуацыя на мяжы ЕС з Беларуссю будзе абмяркоўвацца падчас сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў Еўрасаюза, якая запланаваная на бліжэйшы панядзелак у Бруселі. Тады, паводле каментатараў, можна таксама спадзявацца рашэнняў адносна чарговых санкцый супраць беларускіх уладаў.
Паўночнаатлантычны альянс назваў непрымальным выкарыстанне мігрантаў у гібрыднай тактыцы. «Пазіцыя НАТА ў гэтым пытанні адназначная і нязменная – альянс сочыць за сітуацыяй на мяжы і заклікае рэжым у Мінску выконваць нормы міжнароднага права. Па гэтым пытанні генеральны сакратар знаходзіцца ў цесным кантакце з урадамі краінаў-хаўруснікаў. НАТА гатовы дапамагчы і падтрымліваць бяспеку ў рэгіёне», – падкрэслілі ў штаб-кватэры альянсу ў Бруселі.
Краіны Балтыі выказалі падтрымку Польшчы ў сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю. Прадстаўнікі ўладаў Літвы, Латвіі і Эстоніі лічаць, што Брусель павінен аказаць Варшаве рашучую падтрымку. Тэму працягвае Каміль Залеўскі:
- «Літва поўнасцю салідарная з Польшчай», – напісаў у Твітара Гітанас Науседа. Мы гатовыя аказаць нашым суседзям любую падтрымку, неабходнаю дзеля таго, каб справіцца з выклікам, звязаным з нелегальнай міграцыяй. Пра сітуацыю на мяжы Гітанас Науседа размаўляў з прэзідэнтам Анджэем Дудам. Палітыкі ўзгаднілі, што будуць рэгулярна абменьвацца інфармацыяй. У сацсетках словы падтрымкі для Польшчы перадаў таксама кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс. «ЕС павінен адрэагаваць і аказаць моцную падтрмку Польшчы і іншым краінам. Еўрасаюз павінен паскорыць працу над дадатковымі санкцыямі супраць Беларусі і суфінансаваць узмацненне сваіх знешніх межаў», – заявіў кіраўнік дыпламатыі Латвіі. На сітуацыю на польска-беларускім памежжы адрэагавала таксама Эстонія. «Мы працягваем кантакт з Польшчай і падтрымліваем яе на ўсе спосабы», – чытаем у Твітары эстонскага Міністэрства замежных спраў.
Салідарнасць з Варшавай выказала таксама Прага. Міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк заклікаў да ўзмацнення санкцый супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Тэму працягвае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Стоба:
- Кіраўнік чэшскай дыпламатыі лічыць, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю экстрэмальная і падкрэслівае, што выкарыстоўванне міграцыі ў якасці зброі павінна закончыцца. «Згаданая сітуацыя, гэта наступная прычына, паводле якой мы патрабуем увядзення чарговых санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі»- напісаў у Твітары Якуб Кулганэк. Цягам апошніх месячаў у сувязі з міграцыйным крызісам Чэхія перадала фінансавую і матэрыяльную падтрымку Літве. Чэхіі накіравалі таксама 50 паліцыянтаў для аховы венгерска-сербскай мяжы.
У сваю чаргу прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс заявіў, што ЗША рашуча асуджаюць выкарыстанне мігрантаў рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і заклікаюць беларускія ўлады неадкладна спыніць кампанію ўвозу замежнікаў у Беларусь і перавозкі іх да польска-беларускай мяжы:
-Пакуль Беларусь не пачне выконваць свае міжнародныя абавязацельствы, падрываючы мір і бяспеку ў Еўропе, пакуль яна не перастане выкарыстоўваць нявінных людзей, якія імкнуцца да свабоды, мы будзем уплываць на Лукашэнку, каб ён выконваў нашы патрабаванні. Злучаныя Штаты Амерыкі будуць падтрымліваць Польшчу і іншых нашых партнёраў у Еўропе, якім пагражаюць непрымальныя дзеянні з боку Беларусі.
Таксама сёння па просьбе Польшчы амбасадары краін ЕС, акрэдытаваныя пры ААН у Нью-Ёрку, абмяркуюць сітуацыю на ўсходняй мяжы Польшчы і сумесную дзейнасць на форуме арганізацыі ў супрацоўніцтве з дзяржавамі-членамі, у тым ліку з Савет Бяспекі ААН. Пра гэта ў Твітары паведаміў пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Польшча пры ААН у Нью-Ёрку Кшыштаф Шчэрскі.
На беларускім баку ў непасрэднай блізкасці ад польскай мяжы зараз знаходзіцца ад 3 да 4 тысяч мігрантаў. Сотні з іх спрабуюць перасячы польска-беларускую мяжу каля памежнага пераходу ў Кузьніцы. Замежнікі спрабуюць фарсіраваць часовую агароджу з калючага дроту.
IAR/аз