Уладзімір Зяленскі прызнаў канцэнтрацыю і перамяшчэнне расійскіх войскаў на мяжы з Украінай элементамі псіхалагічнага ціску з боку Масквы. На думку ўкраінскіх уладаў, інфармацыя пра дзеянні расійцаў не з'яўляецца новай, і Кіеў гатовы адбіць любую агрэсію.
У сваёй прамове да ўкраінцаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што хацеў бы падзякаваць заходнім партнёрам за інфармацыю аб дзеяннях расійцаў. Ён выказаў надзею, што цяпер увесь свет добра бачыць, хто хоча міру, а хто канцэнтруе амаль 100 тысяч вайскоўцаў на мяжы з Украінай.
Ён дадаў, што ўкраінцаў у восьмы год вайны такая інфармацыя не здзівіла і не напалохала. «Паніка арміі не дапаможа», – падкрэсліў прэзідэнт і дадаў, што яна можа дапамагчы ворагу і стаць часткай інфармацыйнай вайны, наносячы больш шкоды, чым баявыя дзеянні.
На мінулым тыдні амерыканскія СМІ, у тым ліку Politico, CNN і Washington Post, паведамілі, што Расія сабрала бранятанкавыя войскі і пяхоту на мяжы з Украінай.
IAR/аз