Беларуская Служба

Ужо заўтра ЕС намераны прыняць санкцыі супраць адказных за міграцыйны крызіс на мяжы

14.11.2021 14:09
Штрафныя меры могуць быць уведзены супраць любога, хто мае дачыненне да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЕС.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/VanderWolf Images

Рашэнне аб пашырэнні санкцый у адносінах Мінска будзе прынятае ўжо 15 лістапада, паведаміў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль. Штрафныя меры могуць быць уведзены супраць любога, хто мае дачыненне да перапраўкі мігрантаў да мяжы Беларусі з ЕС, між іншым, супраць авіякампаній і турагенцтваў, якія могуць у гэтым удзельнічаць.

Пад санкцыямі могуць апынуцца і каля 30 беларускіх чыноўнікаў, якія, як мяркуецца, маюць дачыненне да крытычнай сітуацыі з мігрантамі на мяжы. Напярэдадні два дыпламаты паведамілі агенцтву Reuters, што Еўрасаюз разглядае магчымасць увядзення санкцый супраць Мінскага міжнароднага аэрапорту, каб ускладніць авіякампаніям перапраўку мігрантаў у Беларусь. Брусель абвінавачвае беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку ў наўмысным правакаванні міграцыйнага крызісу ў адплату за ўведзеныя супраць яго краіны санкцыі. Лукашэнка, які і сам знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за фальсіфікацыю вынікаў выбараў і жорсткі разгон пратэстаў у Беларусі, паабяцаў адказаць на санкцыі, прыгразіўшы, перакрыць транзіт газу ў Еўропу.

Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы рэзка абвастрылася 8 лістапада, калі з боку Беларусі да яе падышлі некалькі тысяч мігрантаў, якія жадаюць трапіць у Еўрасаюз. Памежнікам і вайскоўцам удалося спыніць іх. Мігранты разбілі лагер у раёне населенага пункта Кузніца.

У канцы траўня Лукашэнка заявіў, што ўлады больш не будуць затрымліваць нелегалаў, якія спрабуюць праз Беларусь патрапіць на тэрыторыю ЕС. У пачатку восені істотна павялічылася колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу ў Мінск. Пасля гэтага рэзка ўзмацніўся паток мігрантаў, якія імкнуцца ў ЕС праз тэрыторыю Літвы і Польшчы. Еўрапейскі Саюз абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў наўмысным правакаванні напружанай сітуацыі і арганізацыі перапраўкі тысяч мігрантаў да межаў ЕЗ у адказ на санкцыі, якія Еўропа ўвяла супраць ягонага рэжыму.

IAR PR/нг