Беларуская Служба

Кіраўнік польскага МЗС: ЕС увядзе санкцыі супраць авіякампаніяў, якія перавозяць мігрантаў у Беларусь

15.11.2021 19:29
Збігнеў Рау: Па пытанні санкцый палітычнае рашэнне прынятае, а зараз спецыялісты дапрацоўваць дэталі.
    .
Кіраўнік польскага МЗС Збігнеў Рау. PAP/EPA/OLIVIER HOSLET

Новыя санкцыі супраць Беларусі закрануць таксама авіякампаніі і турыстычныя агенцтвы, пацвердзіў у размове з журналістамі міністр замежных спраў Польшчы Збігнеў Рау. Кіраўнік польскай дыпламатыі ўдзельнічае ў Бруселі ў двухдзённай сустрэчы міністраў замежных справаў і абароны Еўрасаюза.

Сёння раніцай міністры замежных спраў 27 краін-членаў зацвердзілі крытэрыі новых абмежаванняў. Цягам бліжэйшых дзён стане вядома, якія асобы і кампаніі будуць унесены ў спіс суб'ектаў, якія падпадаюць пад санкцыі. Збігнеў Рау пацвердзіў, што ў спісе будуць некаторыя авіяперавозчыкі, якія перавозілі мігрантаў у Беларусь. Ён дадаў, што па пытанні санкцый «палітычнае рашэнне прынятае», а зараз спецыялісты дапрацоўваць дэталі.

Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што лідары ЕС падзяляюць перакананне, што гібрыдныя дзеянні Беларусі – гэта помста за падтрымку, якую беларускай грамадзянскай супольнасці і ўсім, хто імкнецца да сумленных дэмакратычных выбараў, аказалі Польшча і Літва.

IAR/аз