Беларуская Служба

У Бельгіі і Нідэрландах успыхнулі беспарадкі пасля антыкавідных пратэстаў

22.11.2021 09:16
Пратэсты супраць уведзеных антыкавідных мер перараслі ў беспарадкі ў Бруселі.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фото: PAP/Daniel Gnap

Паведамляецца і пра беспарадки ў Нідэрландах, дзе акцыі пратэсту працягваюцца ўжо трэці дзень.

Паліцыя прымяніла слёзацечны газ і вадамёты пасля таго, як, паводле звестак відавочцаў, некаторыя дэманстранты пачалі кідаць камяні і дымавыя шашкі. Раней у мірнай акцыі пратэсту ў Бруселі, паводле звестак паліцыі, прынялі ўдзел каля 35 тысяч чалавек. У сувязі з імклівым ростам захворвання на ковід улады Бельгіі 17 лістапада спешна ўвялі абмежаванні, якія выклікалі незадаволенасць жыхароў краіны.

У Нідэрландах 20 і 21 лістапада таксама прайшлі масавыя пратэсты, пасля якіх успыхнулі беспарадкі. Па словах мэра Ратэрдама Ахмеда Абуталеба, сітуацыя абвастрылася настолькі, што паліцыянты змушаныя былі страляць.

Паводле афіцыйных звестак, тры чалавекі былі шпіталізаваны з агнястрэльнымі раненнямі. У раёне Ратэрдама, дзе прайшлі беспарадкі, забаранілі правядзенне сходаў. Улады горада паведамілі аб затрыманні 51 чалавека, каля паловы з іх — непаўналетнія.

Між тым, увечары 21 лістапада пратэсты выліліся ў беспарадкі і ў іншых гарадах Нідэрландаў, такіх як Леўвардэн, Гронінген, Энсхедэ і Цілбург. Па ўсёй краіне арыштаваны каля 40 чалавек.

З-за росту заражэнняў каранавірусам урад Нідэрландаў увёў частковы лакдаўн. Бары, рэстараны і супермаркеты павінны зачыняцца не пазней за 20 гадзін, крамы — у 18 гадзін. Жыхарам дазваляецца збірацца дома групамі не больш за чатыры чалавекі. Ізноў уведзена правіла выдаленай працы і абавязковай сацыяльнай дыстанцыі 1,5 метра.

Паводле dw.com / вх