Беларуская Служба

Украінская выведка: Расія можа пачаць уварванне ў студзені-лютым, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі

22.11.2021 10:59
Расія можа пачаць актыўныя баявыя дзеянні супраць Украіны ў студзені ці пачатку лютага наступнага года
 .
Ілюстрацыйнае фота. shutterstock.com

Пра гэта ў інтэрв'ю выданню Military Times заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў.

Паводле Буданава, Расія сканцэнтравала каля межаў з Украінай больш як 92 тысячы вайскоўцаў. Рызыка ўварвання, паводле яго, з надыходам зімы і ўстанаўленнем стабільнага халоднага надвор’я толькі ўзрастае – магчымыя моцныя маразы, маўляў, не праблема ні для расійскіх, ні для ўкраінскіх вайскоўцаў.

Паводле кіраўніка ўкраінскай выведкі, дзеянні расійскіх войскаў могуць быць больш маштабнымі, чым у 2014 годзе, калі Расія анексавала Крым, а затым, па шматлікіх сведчаньнях (сама Расія гэта адмаўляе), аказала ўзброеную падтрымку сепаратыстам у Данбасе. Буданаў выказаў меркаванне, што напад можа суправаджацца авіяўдарамі, дэсантнымі аперацыямі ў Адэсе і Марыупалі, таксама можа быць задзейнічаная бронетэхніка, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Магчымай мішэнню для нападу па-ранейшаму называюцца поўдзень і ўсход Украіны, рэгіёны, якія шэраг расейскіх палітыкаў, у тым ліку Уладзімір Пуцін, называюць «Наваросіяй».

Магчымай мішэнню для нападу па-ранейшаму называюцца поўдзень і ўсход Украіны, рэгіёны, якія шэраг расійскіх палітыкаў, у тым ліку Уладзімір Пуцін, называюць «Наваросіяй».

Раней аб магчымай падрыхтоўцы нападу Расіі на Украіну паведамлялі і амерыканскія СМІ, спасылаючыся на дадзеныя выведкі і крыніцы ў адміністрацыі. Пры гэтым зазначалася, што Крэмль пакуль не прыняў канчатковага рашэння.

Як пісала днямі New York Times, амерыканскія і брытанскія службы выведкі «усё больш пераконваюцца ў тым, што Уладзімір Пуцін разглядае варыянт правядзення ваеннай аперацыі або з мэтай захопу большай часткі тэрыторыі Украіны, або з мэтай дэстабілізацыі краіны і забеспячэння прыходу да ўлады прарасійскага ўраду». 

Паводле "Радыё Свабода" / вх