Беларуская Служба

Талібы ўвялі новыя правілы для тэлевізіі ў Афганістане і забаранілі жанчынам здымацца ў серыялах

22.11.2021 12:47
Кіраўніцтва руху «Талібан» зацвердзіла новыя правілы тэлетрансляцыі ў краіне.
Акцыя ў Кабуле ў падтрымку "Талібану"PAP/EPA/STRINGER

Згодна з новымі правіламі, усе журналісткі і вядоўцы-жанчыны мусяць з'яўляцца на экране з пакрытай галавой. Тып хіджабу і наколькі ён павінен закрываць іншыя часткі цела, у заяве талібаў не ўдакладняецца.

«Талібан» забараніў паказваць фільмы і серыялы, якія супярэчаць «прынцыпам шарыяту», ісламскаму праву і «афганскім каштоўнасцям».

  • Жанчынам зусім забаронена здымацца ў серыялах.
  • Фільмы і серыялы, дзе мужчыны агаляюць інтымныя часткі цела, таксама забароненыя.
  • Забароненыя камедыйныя і забаўляльныя шоў, якія абражаюць рэлігію ці могуць лічыцца абразлівымі для афганцаў.
  • Забаронена паказваць замежныя фільмы, якія «прапагандуюць замежныя культурныя каштоўнасці».


Худжатула Муджадэдзі, сябра арганізацыі, якая прадстаўляе журналістаў у Афганістане, сказаў, што абвяшчэнне новых абмежаванняў было нечаканым. Паводле яго, у выпадку іх строгага выканання некаторыя трансляцыйныя кампаніі будуць вымушаныя спыніць работу.

Прадстаўнікі групоўкі «Талібан» захапілі ўладу ў Афганістане ў жніўні 2021 года. Яны не раз сцвярджалі, што маюць намер выконваць правы жанчын, але ў выніку іх моцна абмежавалі. Талібы забаранілі жанчынам у Афганістане займацца спортам, у тым ліку ўдзельніцам нацыянальных зборных, растлумачыўшы гэта тым, што твары і целы спартовак у гэтым выпадку застаюцца «адкрытымі для назіральнікаў», а «іслам і Ісламскі эмірат не дапускаюць гэтага».

Групоўка таксама дазволіла жанчынам вучыцца ў школах і ВНУ (толькі асобна ад мужчын і толькі пры наяўнасці адзення, якое цалкам закрывае іх твары і целы). Выкладаць жанчынам, згодна з гэтым указам, змогуць або жанчыны, або пажылыя мужчыны, якія павінны будуць атрымліваць ухвалу ад «Талібану» ў кожным асобным выпадку.

Паводле "Радыё Свабода" / вх

У Кабуле прайшла жаночая акцыя ў падтрымку «Талібану»

11.09.2021 19:06
Удзельніцы акцыі выйшлі на вуліцу ў цалкам закрытай вопратцы, з лозунгамі на англійскай мове і ў атачэнні ўзброеных баевікоў.