Беларуская Служба

Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду лідара кіроўнай партыі Казахстана

23.11.2021 11:58
Нурсултан Назарбаеў перадаў паўнамоцтвы старшыні партыі «Нур Отан» дзейнаму прэзідэнту краіны Касым-Жомарту Такаеву.
Нурсултан Назарбаеў Фота з адкрытых крыніц

Назарбаеў мяркуе, што партыю павінен узначальваць прэзідэнт Казахстана.

Сам ён пакінуў пасаду прэзідэнта ў сакавіку 2019 года, але працягнуў узначальваць Савет бяспекі і партыю «Нур Отан».

Працэдура перадачы паўнамоцтваў будзе праходзіць згодна са статутам партыі, у адпаведнасці з якім абранне і вызваленне ад пасады яе старшыні адносіцца да кампетэнцыі з'езда партыі. Да гэтага моманту старшынём партыі будзе заставацца Назарбаеў.

Але незалежна ад займаемых пасад і рэгалій Нурсултан Назарбаеў застаецца лідарам нацыі, «выбітным палітыкам сучаснасці, аўтарытэтнай асобай, прызнанай сусветнай супольнасцю», заявіў яго прэс-сакратар Айдос Укібай.

Нурсултан Назарбаеў пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта Казахстана 19 сакавіка 2019 года. Ён нададзены статусам «лідара нацыі», які гарантуе яму і чальцам яго сямʼі імунітэт ад любога пераследу і недатыкальнасць актываў. Акрамя таго, ён зʼяўляецца пажыццёвым кіраўніком Савета бяспекі краіны.

Эксперты ўказвалі, што існаванне Савета бяспекі і пажыццёвае старшынства ў ім і ў далейшым дазволіць Назарбаеву кантраляваць асноўныя напрамкі развіцця Казахстана.

У кастрычніку 2019 года Такаеў падпісаў указ, які значна пашырыў паўнамоцтвы кіраўніка Савета бяспекі Нурсултана Назарбаева. Згодна з дакументам, прэзідэнт будзе прызначаць чыноўнікаў урада і іншых кіраўнікоў, у тым ліку кіраўнікоў гарадоў і абласцей, толькі пасля ўзгаднення з Назарбаевым.

Партыя «Нур Атан», якая знаходзіцца ва ўладзе з 1999 года, дамінуе ў парламенце, у яе шэрагах знаходзяцца многія дзяржслужачыя і работнікі бюджэтных арганізацый.

Паводле currenttime.tv / вх