Беларуская Служба

Bild: Мігранты, якія змаглі трапіць у Польшчу, абвінавачваюць беларускіх сілавікоў у катаваннях

23.11.2021 16:18
Нямецкі таблоід Bild публікуе гісторыі мігрантаў, якія змаглі перайсці беларуска-польскую мяжу.
Niemiecki rząd zaprzecza, by zgodził się na przyjęcie migrantów przybywających na Białorusi
Niemiecki rząd zaprzecza, by zgodził się na przyjęcie migrantów przybywających na BiałorusiPAP/AA/ABACA

«Абвінавачванні дыктатара Лукашэнкі ў катаваннях гучаць усё гучней, – піша нямецкі таблоід Bild. – За апошнія тыдні тысячы мігрантаў, уключаючы іракцаў, афганцаў і сірыйцаў, беглі з Беларусі праз мяжу ў Польшчу. Падазрона, што многім з іх пасля ўцёкаў прыйшлося звярнуцца ў бальніцу, некаторыя сур'ёзна параненыя».

Сільвія Жыль з гуманітарнай арганізацыі Granica сказала ў інтэрвʼю Bild: «Нам распавядаюць жудасныя гісторыі. Відаць, многіх мігрантаў у Беларусі падвяргаюць катаванням, польскія бальніцы запоўненыя параненымі».

Два ўцекачы распавялі Bild пра «зверствы, якія яны ніколі не забудуць».

«42-гадовы Мансур Н. – бацька сямʼі з Алепа (Сірыя), праходзіў лячэнне ў бальніцы горада Бельск-Падляскі, недалёка ад мяжы. «Я двойчы спрабаваў перасекчы мяжу з Польшчай, – распавёў ён. – Пры першай спробе польскія памежнікі адправілі нас назад. Беларускія жаўнеры перахапілі нас і збілі. Яны сказалі: «Калі не зможаце перайсці з другой спробы, мы вас забʼем»».

«20-гадовы Аленд А. з Сулейманіі (Ірак) таксама распавёў пра катаванні. Ён ужо паспеў перасекчы мяжу, як у нейкі момант польскія паліцэйскія высачылі яго і вярнулі ў Беларусь. «Калі мяне адправілі назад у Беларусь, салдаты Лукашэнкі знайшлі ў мяне польскія грошы. Яны прымусілі мяне праглынуць купюры. Яшчэ яны білі мяне па галаве і разбілі мой тэлефон. Яны нажніцамі зрэзалі з мяне вопратку»».

«Аленд А. цалкам знясілены. Па яго словах, ён правёў у лесе агулам месяц. Яго другая спроба бегчы праз мяжу і праз польскую памежную зону, здзейсненая некалькі дзён таму, была паспяховай. Цяпер ён разам з Мансурам Н. чакае ў польскім цэнтры для бежанцаў адабрэння свайго хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку», – піша Bild.

Паводле novychas.online / вх