Беларуская Служба

Лідары СДПГ, СвДП і Зялёных падпісалі кааліцыйнае пагадненне

07.12.2021 13:45
Каментатары звяртаюць увагу, што ў кааліцыйным пагадненні, якое налічвае 177 старонак, няма ні слова пра Nord Stream 2.
 ,      .
Лідары СДПГ, СвДП і Зялёных падпісалі кааліцыйнае пагадненне.PAP/EPA/CLEMENS BILAN

За дзень да запланаванай прысягі новага федэральнага ўрада лідары Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ), Свабоднай дэмакратычнай партыі (СвДП) і Зялёных афіцыйна падпісалі кааліцыйнае пагадненне. Дакумент налічвае 177 старонак і мае назву «Больш мужнасці для прагрэсу».

Падпісанне кааліцыйнай дамовы было фармальнасцю. У апошнія дні яе ўхваліла большасць членаў усіх трох палітычных арганізацый. Прызначаны на пасаду віцэ-канцлера і міністра эканомікі Роберт Хабэк падкрэсліў, што новы ўрад будзе прасоўваць фундаментальныя змены ў бок дзяржавы, заснаванай на палажэннях Парыжскага кліматычнага пагаднення.

«Мы будзем паслядоўна распрацоўваць закон аб ахове клімату. Мы ведаем, што для прамысловасці гэта азначае пэўныя цяжкасці. Усе галіны павінны ўнесці свой уклад. Але гэта ўжо не выбарчая кампанія, а рэальнасць, за якую мы бярэм на сябе адказнасць», – абвясціў лідар Зялёных.

Каментатары звяртаюць увагу, што ў кааліцыйным пагадненні няма ні слова пра Nord Stream 2. У сваю чаргу шмат месца прысвячаецца паглыбленню еўрапейскай інтэграцыі.

IAR/аз