Беларуская Служба

Еўразвяз увёў санкцыі супраць «групы Вагнера» ​​за грубыя парушэнні правоў чалавека

13.12.2021 16:30
Заходнія краіны лічаць, што Крэмль выкарыстоўвае групу наймітаў для ўплыву ў міжнародных канфліктах.
 .
Ілюстрацыйнае фота. SPUTNIK/EAST NEWS

Еўрасаюз увёў санкцыі ў адносінах да чатырох юрыдычных і васьмі фізічных асоб, якія, як мяркуюць у Бруселі, звязаны з «групай Вагнера».

Заходнія краіны лічаць, што Крэмль выкарыстоўвае групу наймітаў, што мае цесныя фінансавыя сувязі з даўнім сябрам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Яўгенам Прыгожыным, у якасці рычагоў уплыву ў міжнародных канфліктах.

Імёны асоб і кампаній, якія трапілі пад абмежаванні, пакуль не называюцца. Падрабязнасці будуць апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЕС, санкцыі набудуць моц пасля публікацыі.

Меры ўключаюць замарозку актываў кампаній і грамадзян у заходніх краінах, а таксама забарону на замежныя паездкі ў адказ на дзейнасць ПВК «Вагнер» у Сірыі, Украіне і Афрыцы.

Цяперашнія рэстрыкцыі ўведзены праз год пасля таго, як Брусель увёў персанальныя санкцыі супраць Яўгена Прыгожына, якога ў прэсе часта называюць «кухаром Пуціна» за яго цесныя сувязі з Крамлём. Яўген Прыгожын у пятніцу заявіў, што не мае сувязяў з «Вагнерам».

Раней сёлета міністр абароны Францыі Флорэнс Парлі перасцерагла ўлады Малі ад заключэння здзелкі з расійскай ахоўнай кампаніяй ПВК «Вагнер». Францыя, якая баіцца, што Масква ўзмацняе свой уплыў у краінах Афрыкі, кажа што, наймаючы «вагнераўцаў», Малі ўскладніць французскія антытэрарыстычныя аперацыі ў гэтай краіне.

«Цяпер «група Вагнера» дзейнічае ў Сірыі, Лівіі, Украіне, дзе падрывае тэрытарыяльную цэласнасць, і гэтыя людзі маюць дачыненне да грубых парушэнняў правоў чалавека», – заявіў у інтэрв'ю агенцтву Рэйтэр высокапастаўлены чыноўнік, знаёмы з рашэннем Еўразвяза.

Французскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ваенная хунта, якая захапляе ўладу ў Малі, звяртаецца па дапамогу да наймітаў «Вагнера» ​​ў спробе ўтрымацца ва ўладзе пасля пераходнага перыяду, які павінен скончыцца пасля прэзідэнцкіх выбараў і выбараў у заканадаўчыя органы 27 лютага 2022 года.

Крэмль заяўляе, што наёмніцтва забаронена расійскім заканадаўствам, і адхрышчваецца ад якіх-небудзь сувязяў з «групай Вагнера». Пры гэтым прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін казаў у снежні 2018 года, што расійскія прыватныя ваенныя падрадчыкі маюць права працаваць і пераследаваць свае інтарэсы ў любой кропцы свету, пакуль яны не парушаюць расійскія законы.

Паводле ВВС / вх