Новы ўрад Нямеччыны не разглядае Аляксандра Лукашэнку ў якасці легітымнага кіраўніка Беларусі. Пра гэта ў панядзелак на брыфінгу ў Берліне заявіў афіцыйны прадстаўнік кабінету міністраў ФРГ Штэфэн Хэбэштрайт.
«Мы не разглядаем Лукашэнку як легітымнага кіраўніка ў Беларусі», – адзначыў ён.
Раней новы канцлер ФРГ Олаф Шольц назваў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку дыктатарам, які нібыта ня мае легітымнай падтрымкі сярод насельніцтва ўласнай краіны. Паводле яго слоў, Лукашэнка паспрабаваў з дапамогай бежанцаў аказаць ціск. Разам з тым, як падкрэсліў Шольц, прыток мігрантаў праз Беларусь «збольшага спынены», паколькі «ЕС і Нямеччына аказалі вельмі шмат ціску і далі дакладныя ўказанні авіякампаніям, аэрапортам, пагаварыўшы з многімі краінамі, адкуль адпраўляліся авіярэйсы ў Беларусь».
У Беларусі 9 жніўня 2020 году адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх, паводле афіцыйных звестак ЦВК, перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Другое месца нібыта заняла прадстаўніца апазіцыі Святлана Ціханоўская, якая не прызнала вынікі волевыяўлення і была сілай вывезеная з краіны. Пасля падвядзення вынікаў галасавання ў Беларусі пачаліся масавыя акцыі пратэсту, якія ў першыя дні выліліся ў сутыкненні з сілавікамі.
Захад не прызнаў вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, назваў празмерна жорсткімі прынятыя беларускімі ўладамі захады для спынення акцый пратэсту. У выніку ЕС увёў у дзеянне пяць пакетаў санкцый у дачыненні да службовых асоб Беларусі і шэрагу кампаній. Свае санкцыі супраць Беларусі ўвялі таксама ЗША, Канада і Вялікабрытанія.
"Радыё Свабода" / вх