Саміт Усходняга партнёрства пройдзе сёння ў другой палове дня ў Бруселі. У ім возьмуць удзел кіраўнікі інстытутаў ЕС і кіраўнікі 27 краін-членаў і Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Прадстаўніка Беларусі не будзе, бо краіна прыпыніла свой удзел у гэтай ініцыятыве.
«Краіны Усходняга партнёрства – гэта вялікі стратэгічны выклік», – сказаў некалькі дзён таму старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль. Ён казаў пра спробы Расіі дэстабілізаваць сітуацыю ў краінах рэгіёну і пра канцэнтрацыю войскаў на мяжы з Украінай. «Расія заплаціць высокую палітычную і эканамічную цану, калі суверэнітэт Украіны зноў будзе пад пагрозай», – дадаў кіраўнік Рады.
Усходняе партнёрства было створана ў 2009 годзе па ініцыятыве Польшчы пры падтрымцы Швецыі і мела на мэце наблізіць краіны, якія ўваходзяць у яго, да Еўрасаюза. Расія спрабуе тарпедаваць гэтыя намаганні, бо лічыць гэты рэгіён сферай свайго ўплыву.
З шасці краін Украіна, Грузія і Малдова ўжо падпісалі пагадненні аб асацыяцыі з ЕС, уключаючы зону свабоднага гандлю. Што датычыцца Беларусі, то сёння ў зале пасяджэнняў будзе пустое крэсла. «Я спадзяюся, што дэмакратычна абраны лідар сядзе на гэтым крэсле на наступным саміце Усходняга партнёрства», – пракаментаваў старшыня Еўрапейскай рады.
ав