Беларуская Служба

ЗША занепакоеныя прынятым у Польшчы законам аб СМІ

18.12.2021 09:01
Дзярждэпартамент ЗША: Адміністрацыя Джо Байдэна ставіць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду СМІ, у цэнтры знешняй палітыкі.
 .
Амерыканскі сцяг.Photo: oohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Злучаныя Штаты Амерыкі занепакоеныя прыняццем польскім Сеймам закона аб СМІ, заявіла намеснік прэс-сакратара Дзярждэпартамента Джаліна Портэр. Яна лічыць, што новы закон, рэалізаваны ў цяперашнім выглядзе, можа сур'ёзна падарваць свабоду СМІ ў краіне, а таксама паўплываць на клімат замежных інвестыцый у Польшчы.

Джаліна Портэр абвясціла, што Злучаныя Штаты Амерыкі будуць заахвочваць прэзідэнта Анджэя Дуду пацвердзіць свае ранейшыя дэкларацыі адносна свабоды выказвання меркаванняў, непарушнасці пагадненняў і агульных каштоўнасцяў, якія з’яўляюцца асновай адносін паміж Польшчай і ЗША.

Яна адзначыла, што адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна ставіць правы чалавека, у тым ліку свабоду выказвання меркаванняў і свабоду СМІ, у цэнтры знешняй палітыкі.

Нагадваем, учора Сейм адхіліў рашэнне Сенату аб унясенні паправак у закон аб СМІ. У верасні Сенат цалкам адхіліў законапраект. Цяпер закон будзе перададзены прэзідэнту.

Новыя правілы прадугледжваюць, што кампаніі, сядзіба якіх не знаходзіцца на тэрыторыі Еўрапейскай эканамічнай зоны, не могуць мець большасці ў польскіх СМІ. Гэта тычыцца, у тым ліку, тэлевізіі TVN, якая належыць амерыканскаму канцэрну Discovery.

IAR/аз