Беларуская Служба

Улады Філіпінаў ацэньваюць трагічныя вынікі магутнага тайфуну, які абрынуўся на краіну

19.12.2021 08:27
Колькасць ахвяр тайфуну можа павялічыцца, бо звыш дзесяці чалавек лічацца зніклымі без вестак.
Наступствы тайфуну на Філіпінахфота: Shutterstock/ymphotos

Улады Філіпін паведамляюць, што ў выніку тайфуну «Раі» загінулі як мінімум 89 чалавек. Вецер, які дзьмуў з хуткасцю амаль 200 кіламетраў за гадзіну, нанёс сур'ёзныя пашкоджанні паўднёва-ўсходняй частцы краіны. Больш за 300 тысяч чалавек былі эвакуяваныя з небяспечнай зоны.
Губернатар правінцыі Бохол Артур Яп сказаў, што на дадзены момант цяжка ацаніць маштабы шкоды, паколькі няма сувязі з амаль паловай мясцовых органаў улады. Колькасць ахвяр тайфуну можа павялічыцца, бо звыш дзесяці чалавек лічацца зніклымі без вестак.

У выратавальнай аперацыі ўдзельнічаюць больш за 18 тысяч салдат, паліцыянтаў, пажарных і афіцэраў берагавой аховы. Прэзідэнт Філіпін Радрыга Дутэртэ загадаў правесці ацэнку пашкоджанняў з паветра, і першыя фатаграфіі з рэгіёну, які пацярпеў ад тайфуну, паказваюць сурʼёзныя пашкоджанні на некалькіх астравах.

Старшыня філіпінскага камітэту Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца Альберта Баканегра заявіў, што гэта быў адзін з самых моцных тайфунаў, якія абрынуліся на краіну за апошняе дзесяцігоддзе.

На Філіпінах завяршаецца сезон тайфунаў. «Раі» – адзін з апошніх і другі супертайфун з верасня. Большасць з іх здараецца ў перыяд з ліпеня па кастрычнік.

IAR PR/нг