Беларуская Служба

Расія і Украіна дамовіліся аднавіць рэжым перамір’я на ўсходзе Украіны

23.12.2021 14:00
З 2014 года на ўсходзе Украіны вядзецца вайна паміж украінскімі вайскоўцамі і сепаратыстамі, якіх падтрымлівае Расія. 
Здымак мае ілюстрацыйны характарscreenshot z Youtube

Расія і Украіна дамовіліся аднавіць рэжым перамір’я на ўсходзе Украіны, паведамляе Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе.

Старшыня АБСЕ ва Украіне Міка Кінунен у прэс-рэлізе заявіў, што ўдзельнікі перамоў выказалі рашучасць поўнасцю выконваць пагадненне аб перамір’і, падпісанае ў ліпені 2020 года. Заява была апублікаваная пасля сустрэчы афіцыйных асоб Украіны, Расіі і АБСЕ – вядомай як Трохбаковая кантактная група. У перамовах таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. У АБСЕ падкрэсліваюць, што ўчорашнія дамоўленасці маюць вялікае значэнне, асабліва для людзей, якія пражываюць ля мяжы з Данецкай і Луганскай абласцямі.

З 2014 года на ўсходзе Украіны вядзецца вайна паміж украінскімі вайскоўцамі і сепаратыстамі, якіх падтрымлівае Расія. Поўнамаштабныя ваенныя дзеянні завяршыліся пагадненнем, заключаным у Мінску ў 2015 годзе, але з таго часу адбываюцца сутыкненні на лініі размежавання Украіны з сепаратысцкімі абласцямі. У ліпені 2020 года, дзякуючы пасярэдніцтву АБСЕ, бакі канфлікту дамовіліся аб спыненні агню, аднак бакі канфлікту рэгулярна абвінавачвалі адзін другога ў парушэнні пагаднення. Паводле высноваў АБСЕ, сітуацыя на лініі размежавання па-ранейшаму нестабільная, і ў снежні колькасць інцыдэнтаў павялічылася ў пяць разоў у параўнанні з мінулым годам.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны на ўсходзе Украіны загінулі каля 13 тысяч чалавек.

нг