Беларуская Служба

Улады Японіі адмянілі надзвычайнае становішча ў сувязі з пагрозай цунамі

16.01.2022 07:15
Рашэнне было прынятае праз 14 гадзін на падставе ацэнак Японскага метэаралагічнага агенцтва.
Ілюстрацыйны здымакEPA/TONGA METEOROLOGICAL SERVICES Dostawca: PAP/EPA.

Улады Японіі адмянілі надзвычайнае становішча, якое было абвешчана ў сувязі з пагрозай цунамі пасля вывяржэння вулкана Хунга-Тонга-Хунга-Хапаай у паўднёвай частцы Ціхага акіяна. Эксперты папярэджвалі пра надыход хваль вышынёй 3 метры. Была праведзеная эвакуацыя 210 000 чалавек.

Праз 14 гадзін на сайце дзяржаўнага метэаралагічнага ўпраўлення Міністэрства зямлі, інфраструктуры, транспарту і турызму Японіі (JMA) з'явілася інфармацыя пра адмену надзвычайнага становішча.

Як паведамляе агенцтва, цяпер на беразе японскіх выспаў захоўваецца толькі магчымасць павышэння ўзроўню вады ды рызыка рэзкай змены сітуацыі ў бліжэйшыя дні. На ўзбярэжжы ў розных рэгіёнах Японіі агенцтва зафіксавала хвалі вышынёй да 1,2 метра.

Апошні раз надзвычайнае становішча ў сувязі з цунамі было абвешчана ў Японіі ў лістападзе 2016 года, калі ў паўночна-ўсходняй частцы краіны адбыўся землятрус інтэнсіўнасцю 7,4 балаў.

ПР/юл