Беларуская Служба

ЗША могуць накіраваць ва Украіну ракетныя комплексы вялікай далёкасці

27.05.2022 13:49
У апошнія тыдні ўкраінскія палітыкі на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім імкнуліся атрымаць ад ЗША рэактыўныя сістэмы РСЗА.
M142 HIMARS
M142 HIMARSфота: Public Domain/defenseimagery.mil

ЗША рыхтуюцца адправіць ва Украіну перадавыя ракетныя комплексы вялікай далёкасці па запыце кіеўскіх уладаў; гэта можа быць абвешчана на наступным тыдні, паведаміла сёння CNN услед за ананімнымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША.

У апошнія тыдні ўкраінскія палітыкі на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім імкнуліся атрымаць ад ЗША рэактыўныя сістэмы РСЗА. Гэтая амерыканская зброя можа паражаць мэты ракетамі на адлегласці ў сотні кіламетраў, што, на думку ўкраінскага боку, можа стаць прарывам у вайне з Расіяй.

Яшчэ адна сістэма, якую запытвае Украіна, – гэта лёгкая рэактыўная ўстаноўка залпавага агню HIMARS.

Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ўжо некалькі тыдняў задумваецца, ці варта перадаць гэтыя ракетныя сістэмы Украіне. Гэтае пытанне было закранута на мінулым тыдні на двух сустрэчах у Белым доме, скліканых для абмеркавання палітыкі нацыянальнай бяспекі, паведаміла CNN за афіцыйнымі асобамі ЗША.

Паводле медыя, сутнасць справы заключалася ў той жа заклапочанасці, з якой амерыканская адміністрацыя змагалася з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну: ці будзе перадача ўкраінцам усё больш цяжкага ўзбраення ўспрынята Расіяй як правакацыя і ці можа выклікаць нейкую помсту супраць ЗША.

Яшчэ адна заклапочанасць адміністрацыі Байдэна заключалася ў тым, ці могуць Злучаныя Штаты дазволіць сабе ахвяраваць зброю такой высокай якасці. Аднак, як паведамляюць крыніцы CNN, на мінулым тыдні прадстаўнікі Пентагона сустрэліся з дырэктарам абароннага канцэрна Lockheed Martin, каб абмеркаваць павелічэнне вытворчасці пускавых установак РСЗА.

Сенатар-дэмакрат Джэйсан Кроў, які знаходзіўся ў Кіеве ў складзе дэлегацыі Кангрэсу ЗША ў траўні, заявіў CNN, што лічыць ракетныя сістэмы ключом да прарыву ў барацьбе Украіны з Расіяй. Ён растлумачыў, што Расія выкарыстоўвае звычайную артылерыю, якая мае далёкасць дзеяння каля 50 км, і што яе войскі не набліжаліся б да ўкраінскіх гарадскіх цэнтраў, калі б ва ўкраінскай арміі была шматзарадная ракетная сістэма. Ён дадаў, што гэта пазбавіць расійскіх сіл магчымасці выкарыстоўваць тактыку асады, да якой яны часта звяртаюцца.

PAP/яс