Беларуская Служба

Фінляндыя вырашыла пачаць працу над абмежаваннем турыстычнага руху з Расіі

22.09.2022 16:24
Унутраныя правілы могуць быць зацверджаны даволі хутка.
Сцяг Фінляндыіфота: mayns82/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фінляндыя абмяркуе магчымасць закрыцця мяжы для расіян. Урад у Хельсінкі, у адрозненне ад краін Балтыі і Польшчы, не ўводзіў ніякіх абмежаванняў на перасячэнне мяжы грамадзянамі Расіі. Тым часам з учорашняга дня, у тым ліку праз расійска-фінскую мяжу, Расію спрабуюць пакінуць расіяне, якія жадаюць пазбегнуць прызыву.

Кіраўнік фінскай дыпламатыі Пэка Хаавіста заявіў у Нью-Ёрку, што Фінляндыя вырашыла пачаць працу над абмежаваннем турыстычнага руху з Расіі. Унутраныя правілы могуць быць зацверджаны даволі хутка. Пасля аб’яўлення ўчора Пуціным частковай мабілізацыі на расійска-фінскай мяжы сабралася чарга з расійскіх аўтамабіляў у некалькі дзясяткаў кіламетраў. У сваю чаргу такіх праблем на мяжы з Расіяй і Беларуссю няма ў краінах Балтыі. Латышы гатовыя да большай колькасці асоб, якія спрабуюць перасекчы мяжу. У сваю чаргу літоўцы заяўляюць, што разглядзяць справу кожнага расіяніна, які хоча пазбегнуць службы ў арміі, у індывідуальным парадку.

Краіны Балтыі разам з Польшчай закрылі свае межы для расійскіх турыстаў на пачатку гэтага тыдня. Гэта звязана з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі і пытаннямі маралі ў сувязі з агрэсіяй Расіі супраць Украіны. Міністэрства замежных спраў Фінляндыі патлумачыла, што агульная забарона на ўезд для грамадзян адной краіны супярэчыць нацыянальнаму і міжнароднаму заканадаўству.

Каміль Залеўскі/нг