Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулеба заклікае парламенты ўсіх краінаў прызнаць учынены савецкімі ўладамі Вялікі голад ва Украіне 1932-33 гадоў генацыдам. Дыпламат адзначыў, што 80 гадоў таму бальшавіцкі рэжым на чале з Іосіфам Сталіным забіў мільёны ўкраінцаў.
Дмытро Кулеба падкрэсліў, што гэта асабліва важна сёння, калі Расія здзяйсняе чарговы генацыд украінцаў:
-26 лістапада Украіна будзе ўшаноўваць памяць мільёнаў нявінных ахвяраў Галадамору. Мы заклікаем усе нацыянальныя парламенты падтрымаць сённяшнюю Украіну простым палітычным крокам, прагаласаваўшы за прызнанне Галадамору генацыдам украінскага народа. Мы заклікаем усе нацыянальныя парламенты падтрымаць сённяшнюю Украіну, прагаласаваўшы за тое, каб Галадамору не было. Як гаворыць вядомая ўкраінская прымаўка, беспакаранае зло з часам мацнее, таму трэба караць зло за ўсе былыя і цяперашнія злачынствы.
На мінулым тыдні кіраўнік украінскай дыпламатыі ў выступе на міжнароднай канферэнцыі «Міжнароднае права супраць генацыду» у Берліне заклікаў Бундэстаг прызнаць Галадамор генацыдам і нагадаў пра злачынствы, якія цяпер здзяйсняюць расійскія акупанты ў яго краіне.
Галадамор адбыўся ў адной з самых урадлівых краін Еўропы ў мірны час, калі СССР экспартаваў вялізную колькасць збожжа. Ва Украіне збожжа, а затым і ўсе прадукты харчавання гвалтоўна канфіскоўваліся органамі савецкай улады. Па падліках гісторыкаў, падчас Галадамору ва Украіне загінула не менш за 3,5 мільёны чалавек. Сярод ахвяр былі беларусы і палякі.
У 2006 годзе Польшча афіцыйна прызнала Галадамор – генацыдам украінскага народа.
iar/pap/эж