Беларуская Служба

У Еўропе дзейнічае 31 тысяча кампаній, якія належаць расіянам

29.10.2022 08:38
Еўрапейская камісія выпусціла справаздачу аб рызыках адмывання грошай і фінансаванне тэрарызму ў Еўрасаюзе.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Sonia Alves-Polidori/ Shutterstock

Як паведамляе Spiegel, у справаздачы Еўракамісія інфармуе, што ў Еўропе дзейнічае амаль 31 тысяча кампаній, уласнікі якіх родам з Расіі.

Сярод гэтых кампаній ёсць 1400 такіх, уладальнікі якіх нядаўна патрапілі пад санкцыі. У справаздачы названыя 33 такія асобы.

У асноўным гэтыя кампаніі працуюць у сферах нерухомасці, будаўніцтва, гатэльным бізнесе, а таксама ў фінансавым і энергетычным сектарах.

Пры гэтым, як адзначаюць у справаздачы, некаторыя алігархі могуць хаваць, што валодаюць ці кантралююць гэтыя кампаніі, праз пасярэднікаў, якія зарэгістраваны ў трэціх краінах. Таксама такія кампаніі могуць мець намінальных акцыянераў.

У дакуменце акцэнтуюць, што з дапамогай падстаўных кампаній зламыснікі могуць хаваць не толькі паходжанне і прызначэнне сродкаў, але і маскіраваць фактычнага іх атрымальніка.

Адзначаюць таксама, што стварэнне фіктыўных кампаній застаецца лёгкай справай, таму яны да гэтага часу выкарыстоўваюцца для перамяшчэння сотняў мільёнаў еўра.

Аўтары справаздачы адзначаюць, што ўрэшце гэтыя сродкі могуць быць скарыстаны як для асабістага ўзбагачэння, так і для дэстабілізацыі ў іншых краінах.

Што да вайны ва Украіне і прымененых у сувязі з гэтым санкцый, у справаздачы пазначана, што належнае ўкараненне мер ЕС і замарожванне актываў патрабуе эфектыўнага захавання правілаў празрыстасці бенефіцыярнай уласнасці.

«Раскрыццё чорных грашовых патокаў не толькі дапамагае абараніць дэмакратыю і бяспеку грамадзян ЕС, але і садзейнічае барацьбе з уплывам аўтакратый», – гаворыцца ў справаздачы.

ЕК падкрэслівае неабходнасць паляпшэння абмену інфармацыяй і «належнага» раскрыцця і маніторынгу актываў у дзяржавах-членах ЕС.

вх